Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стрэсавая кардыёміяпатыя – гэта сындром разьбітага сэрца


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. Сёньня ў ёй гаворка пойдзе пра адкрыцьцё сындрому разьбітага сэрца або, кажучы навукова, стрэсавай кардыёміяпатыі. Лекары знайшлі пацьверджаньне старых забабонаў, што чалавека можна запалохаць да сьмерці або ён можа памерці ад гора.

Нечаканая эмацыйная перагрузка – ад гора, страху, гневу ці болевага шоку – можа выклікаць спыненьне сэрца. Гэтак праяўляецца пакуль мала вядомы і малавывучаны “сындром разьбітага сэрца”, на які часьцей за ўсё пакутуюць жанчыны. Пры гэтым, ахвяры сындрому фізычна здаровыя, без усялякай сардэчнай паталёгіі.

Сьмерць блізкага чалавека, узброенае абрабаваньне, аўтамабільная катастрофа або цяжкая мэдычная працэдура сталі прычынамі, з-за якіх 18 жанчын і 1 мужчына трапілі ў рэанімацыю з болямі ў грудзях і аслабленьнем сардэчнай дзейнасьці. Аб гэтым паведамляе часопіс “The New England Journal of Medicine”. У некаторых з гэтых пацыентаў сардэчная функцыя была аслаблена настолькі, што яны непазьбежна памерлі б, каб не агрэсіўная тэрапія з мэтай захаваць ім цыркуляцыю крыві. Усіх іх, аднак, выратавалі.

Усе гэтыя выпадкі пацьвярджаюць старыя забабоны, што чалавека можна запалохаць да сьмерці або ён можа памерці ад гора. Новаадкрыты сындром атрымаў назву “стрэсавая кардыёміяпатыя” або “сындром разьбітага сэрца”.

Лекары пакуль ня ведаюць, як гэта адбываецца, але пацыенты мелі ў мозгу надзвычай высокі ўзровень зьвязаных са стрэсам хімічных рэчываў і гармонаў, напрыклад, адрэналіну, які здольны парушыць функцыю сэрца. Чаму амаль усе ахвяры гэтага сындрому жанчыны – таксама пакуль не вядома.

Аўтары адкрыцьця зьвяртаюць увагу на тое, што новы сындром – гэта не інфаркт міякарду, хаця іх лёгка зблытаць. Але ахвяры сындрому могуць адносна хутка цалкам акрыяць адрозна ад тых, хто перажыў сапраўдны інфаркт. Справа ў тым, што пры сындроме разьбітага сэрца не адбываецца пашкоджаньня сардэчнай цягліцы. Паводле аўтараў артыкулу ў “The New England Journal of Medicine” для сёньняшняй мэдыцыны паўстае актуальная задача навучыцца адрозьніваць новы сындром ад клясычных хваробаў сэрца, каб своечасова пачаць аказваць пацыентам неабходную дапамогу. Такіх людзей важна пераканаць, што іх сэрца здаровае, а не палохаць іх каранарнай хваробай і неабходнасьцю ўсё далейшае жыцьцё прымаць лекі.

Сардэчны прыступ адбываецца тады, калі тромб перакрывае нейкую сардэчную судзіны і не пускае кроў да цягліцы, якая ад гэтага можа памерці. Тромбы звычайна фармуюцца ў хворых судзінах, і эмацыйная перагрузка можа выклікаць сардэчны прыступ у таго, хто мае каранарную хваробу. Але выкліканае новым сындромам спыненьне сэрца адрозьніваецца ад прыступу. Такія пацыенты ня маюць тромбаў і хворых судзінаў. У іх проста здараецца аслабленьне сэрца, якое часова траціць магчымасьць перакачваць кроў.

У такіх пацыентаў вельмі добры прагноз, – заявіў доктар Ілян Вітстэйн з Мэдычнай школы Ўнівэрсытэту Джона Гопкінса, аўтар артыкулу ў “The New England Journal of Medicine” аб стрэсавай кардыёміяпатыі. Паводле доктара Вітстэйна, галоўная праблема – негатоўнасьць мэдычнай супольнасьці і саміх пацыентаў прызнаць наяўнасьць такога сындрому. На думку Вітстэйна, колькасьць выпадкаў стрэсавай кардыёміяпатыі хутка павялічыцца, бо яе пачнуць адрозьніваць ад клясычных сардэчных прыступаў. Падчас навуковых канфэрэнцыяў, калі Вітстэйн робіць даклады аб “сындроме разьбітага сэрца”, да яго падыходзіць шмат лекараў і кажуць, што ў сваёй практыцы сустракаліся з падобнымі выпадкамі.

На заканчэньне артыкулу пра новы сындром або стрэсавую кардыёміяпатыю доктар Ілян Вітстэйн прыводзіць выпадак адной з жанчынаў, якіх яму давялося лячыць. Ёй бралі біяпсію зь лёгкага, а праз некалькі месяцаў пасьля гэтага яе дачка павінна была выходзіць замуж. З-за хваробы жанчына баялася, што ня зможа прысутнічаць на вясельлі. І вось калі вялікая ігла праткнула яе грудную клетку са сьпіны, пацыентка раптам адчула вялікую слабасьць і страціла прытомнасьць. Яе сэрца пачало працаваць так слаба, што лекарам, каб уратаваць жанчыну, давялося ўвесьці праз артэрыю ў аорту спэцыяльную прыладу, каб тая пачала пампаваць кроў. Інакш бы пацыентка памерла. У выніку, праз два дні яна адчувала сябе добра і яе выпісалі дадому. Праз тры тыдні яе сардэчная функцыя аднавілася цалкам, а сэрца ня мела ніякіх фізычных зьменаў.

***

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Калі вы хварэеце на дыябэт, заставайцеся фізычна актыўныя. Вашыя ногі будуць вам за гэта ўдзячныя. Новае дасьледаваньне даказала, што фізычныя практыкаваньні перашкаджаюць зьяўленьню на нагах язваў. Галоўнае мець зручны абутак і не перавышаць нагрузак, якія адпавядаюць вашаму стану здароўя і трэнаванасьці. RealAge нагадвае, што рэгулярныя фізычныя практыкаваньні могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.

2. Не цярпіце хранічны боль. Такое цярпеньне можа паскорыць старэньне вашага мозгу. Новыя дасьледаваньні паказваюць, што чым даўжэй чалавек жыве з хранічным болем, тым хутчэй ён траціць аб’ём шэрага рэчыва ў мозгу. З хранічным болем трэба змагацца ўсімі даступнымі сродкамі. Гэта дапаможа вашаму мозгу даўжэй заставацца маладым. Не забывайце, што паводле RealAge актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

3. Калі вы будзеце наступным летам зьбіраць ягады, аддавайце перавагу тым зь іх, якія маюць фіялетавую ці ліловую афарбоўку. Да ліку такіх ягад належаць чырвоныя і чорныя парэчкі, агрэст, бузіна і ароньнік. Навукоўцы высьветлілі, што такія ягады маюць аж на 50 працэнтаў болей антыаксыдантаў, чым усе іншыя ягады. Ліловае адценьне паказвае на высокае ўтрыманьне ў ягадах антыцыянінаў – гэта фляваноіды з магутным антыакісьляльным эфэктам. RealAge сьцьвярджае, што калі вы будзеце атрымваць зь ежай ці харчовымі дадаткамі правільную колькасьць антыаксыдантаў, ваш рэальны біялягічны ўзрост стане на 6 гадоў маладзейшы.
XS
SM
MD
LG