Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы рэктар БДУ А.Казулін стаў на чале новай ініцыятывы “Воля народу”


Юры Дракахруст, Прага У суботу ў “Народнай волі” быў надрукаваны “Зварот да беларускага народу” – дэклярацыя аб стварэньні новага грамадзкага руху “Воля народу”. Пад ім стаяць подпісы 85 чалавек – рабочых, студэнтаў, выкладчыкаў, прадпрымальнікаў, прафсаюзных дзеячаў. Сярод вядомых людзей, якія падпісалі зварот – народны паэт Ніл Гілевіч, акадэмік Генадзь Лыч, лідэр прадпрымальнікаў Барысава Віктар Гарбачоў, былая дэпутатка палаты прадстаўнікоў Натальля Машэрава, а таксама былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін, які зьяўляецца каардынатарам новай грамадзянскай ініцыятывы.

У звароце гаворыцца: “Беларусь, краіна з таленавітым і працавітым народам, заснавальніца Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў, ахвяра ўсіх сусьветных войнаў, якая зрабіла непараўнальны ўнёсак у перамогу над фашызмам, у сучасным сьвеце лічыцца "нядобранадзейнай" і называецца ў шэрагу нешматлікіх таталітарных краін-ізгояў... На жаль, цяжка паверыць і ў эканамічны фэномэн стабільнасьці і росквіту нашай Беларусі – асабліва таму, хто ходзіць у крамы ды бачыць ледзь не сусьветныя цэны, хто атрымлівае рахункі на аплату сваіх кватэр... Нашая Беларусь наблізілася да духоўнага, культурнага і дэмаграфічнага крызысу. За апошняе дзесяцігодзьдзе катастрафічным стала вынішчэньне з грамадзкага ўжытку (тэлебачаньня, школаў і ВНУ, справаводзтва) беларускай мовы, роднай для пераважнай большасьці жыхароў краіны...”

І далей: “Урэшце, давайце задумаемся: ці не ідзе ў сучаснай Беларусі "халодная" грамадзянская вайна? Нашае грамадзтва падзеленае на "чэсных" і "нячэсных", "сьвядомых" і "несьвядомых", "нацыяналістаў" і "саўкоў", "правых" і "левых".... Раз''яднанасьць народу ніколі не спрыяла посьпеху. Прыйшоў час усім нам разам і парадавацца нашым здабыткам, і выправіць нашыя недахопы, зрабіць высновы са зробленых памылак. Дзеля гэтай высокай і дабрадатнай ідэі ўсім нам – сталым і маладым, гараджанам і сялянам, беларускамоўным і рускамоўным – неабходна згуртавацца, каб у гэтым агульным руху шматтысячным голасам выявіць не асобную думку той ці іншай палітычнай суполкі, не "спушчаную зьверху" інструкцыю, а волю народу”, – гаворыцца ў “Звароце да беларускага народу”, які падпісалі ініцыятары стварэньня новага грамадзкага руху “Воля народу”.
XS
SM
MD
LG