Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд дагэтуль не вызначыўся ў справе Сяргея Антончыка


Любоў Лунёва, Менск Суд над Сяргеем Антончыкам ня скончыўся агалошваньнем прысуду. Судзьдзя Аксана Рэлява падчас трох судовых паседжаньняў разглядала адміністрацыйную справу, паводле якой аўтара вядомага дакладу аб карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага сходу ў прыватнай кватэры.

Сяргей Антончык у судовай залі Савецкага суду Менску паведаміў Радыё Свабода, што доўгі разгляд справы выкліканы тым, што міліцэйскі пратакол не адпавядае прававым нормам.

Нагадаем, 5 лютага Сяргей Антончык разам са сваімі знаёмымі сабраліся на прыватнай кватэры на вуліцы Куйбышава. Празь некалькі хвілінаў туды ўварваліся міліцыянты і паведамілі, што ўсе затрыманыя.

Людзей пратрымалі ў аддзеле міліцыі каля трох гадзінаў і адпусьцілі. На Сяргея Антончыка склалі пратакол за парушэньне грамадзкага парадку. З пратаколу вынікае, што Антончык арганізаваў несанкцыянаваны сход.

Адвакат апазыцыянэра Андрэй Галіеў у судзе заўважыў, што закон аб масавых мерапрыемствах на прыватныя кватэры не распаўсюджваецца, але судзьдзя Аксана Рэлява справы не спыніла.

Сяргей Антончык заявіў Радыё Свабода:

(Антончык: ) “За гэтыя дзесяць гадоў нічога не зьмянілася. Праўда, у іх ужо ёсьць моцны кантроль над судамі, ёсьць моцная сыстэма вышуку, КГБ, якое працуе не на закон, а на ўладу. Але нічога не зьмянілася. Улада, як яна сябе не ўзмацняла, яна працягвае баяцца нас. Я – беспрацоўны, былы рабочы, а ўся гэта рэпрэсіўная машына баіцца мяне аднаго. Значыць гэта гнілая і недаўгавечная ўлада”.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 24 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG