Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі папярэдзілі падатковую інспэкцыю, што ня будуць плаціць ПДВ з 1 сакавіка


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Беларускія прадпрымальнікі пачалі кампанію пісьмовага папярэджаньня падатковых органаў пра прыпыненьне падатковых выплатаў ад 1 сакавіка. Яны абгрунтоўваюць гэтую ініцыятыву пратэстам супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць (ПДВ). Нагадаем, што 10 лютага прадстаўнікі дробнага бізнэсу правялі шматтысячны агульнацыянальны страйк супраць падатковых новаўвядзеньня і папярэдзілі ўлады пра бестэрміновы страйк у выпадку ігнараваньня іхнага пратэсту.

У многіх рэгіёнах сёньня мелі месца масавыя звароты прадпрымальнікаў у падатковыя інспэкцыі. Мэтай гэтых зваротаў была перадача папераджальных заяваў: толькі ў Бабруйску падатковыя інспэктары атрымалі ад мясцовых гандляроў каля тысячы заяваў. Вось што паведаміла лідэрка тутэйшых прадпрымальнікаў Алена Мядзьведзева:

(Мядзьведзева: ) “Каля падатковай інспэкцыі мы ўсе зьбіраліся і падалі заявы пра папярэджаньне. Там напісана, што калі ўрад ня зьменіць свае рашэньні пра падатак на дабаўленую вартасьць, то ад 1 сакавіка мы спыняем сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць. Таму што ўвядзеньне такога падатку робіць гэтую дзейнасьць бессэнсоўнай з прычыны яе стратнасьці. Таксама ў сваёй заяве кожны прадпрымальнік паведаміў, што ад 1 сакавіка і да поўнага ўрэгуляваньня пытаньня падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, якія ўвозяцца з Расеі, не мае намеру рэалізоўваць іх. Адпаведна, заканадаўства ня абавязвае нас плаціць нейкія падаткі. Людзі ішлі і ішлі. Быў вялікі паток людзей”.

Як паведаміла спадарыня Мядзьведзева, за сёньняшні дзень у Бабруйску папераджальныя заявы пра няўплату падаткаў ад 1сакавіка падалі каля 90% прадпрымальнікаў.

У некаторых рэгіёнах папераджальныя заявы прадпрымальнікі накіроўвалі поштай. Так, у прыватнасьці, рабілі аршанскія бізнэсоўцы. Паводле іх лідэра Аляксандра Сталярова, тут ухвалілі гэткі пратэст супраць падатку на дабаўленую вартасьць звыш 80% гандляроў тавараў расейскай вытворчасьці.

Прадпрымальніцкую кампанію пісьмовых папярэджаньняў каардынуе грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Як паведаміў нашаму радыё яго лідэр Анатоль Шумчанка, толькі невялікая частка бізнэсоўцаў гатовая да працы ва ўмовах уплаты такога падатку. Астатнія, як падкрэсьліў спадар Шумчанка, супраць.

(Шумчанка: ) “Гэта як сьнежны камяк. Людзі рыхтуюць заявы ў падатковыя інспэкцыі да поўнага высьвятленьня сытуацыі з ПДВ. Яны пастаўленыя ва ўмовы, калі ня могуць займацца бізнэсам. Прадпрымальнікам сёньня нічога ня застаецца, як абараняць свае правы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG