Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адметны першы візыт Буша ў Эўропу пасьля пераабраньня?


Ганна Соусь, Прага Джордж Буш распачаў пяцідзённы візыт у Эўропу. У Брусэлі амэрыканскі прэзыдэнт зьвярнуўся да прадстаўнікоў Эўразьвязу з заклікам пераадолець рознагалосьсі, выкліканыя вайной у Іраку. Прэзыдэнт ЗША таксама засяродзіўся на пытаньнях супольнага вырашэньня канфлікту вакол іранскай ядзернай праграмы і сырыйскай “акупацыі” Лібану. Ён таксама заклікаў Расею правесьці дэмакратычныя рэформы.

Эўразьвяз ўжо неаднаразова дэманстраваў намеры нанава пачаць будаваць дачыненьні са Злучанымі Штатамі. І візыт Джорджа Буша ў Брусэль можа даць такую магчымасьць. Прадстаўнікі Эўракамісіі кажуць, што візыт прэзыдэнта ЗША сьведчаць пра гатовасьць ЗША да дыялёгу з Эўропай.

Джордж Буш заявіў у Брусэлі, што рознагалосьсі адносна вайсковай апэрацыі ў Іраку не павінны раскалоць трансатлянтычны альянс.

(Буш: ) “Калі Эўропа і Амэрыка адзіныя, яны здольныя вырашыць любыя праблемы. Як толькі заціхнуць былыя спрэчкі і зьявіцца разуменьне агульнага абавязку – дазвольце нам пачаць новую эру трансатлянтычнага адзінства”.

Джордж Буш заявіў, што найвялікшая мэта ЗША і Эўразьвязу – дасягненьне міру на Блізкім Усходзе. Амэрыканскі лідэр заклікаў Іран выконваць міжнародныя абавязаньні што да яго ядзернай праграмы.

(Буш: ) “Іранскі рэжым павінен перастаць падтрымліваць тэрарызм і ня мусіць разьвіваць ядзерную праграму. Гарантуючы бясьпеку свабодных нацый, ніякі варыянт рашэньня нельга выключаць назаўсёды. Іран, аднак, адрозны ад Іраку. Мы знаходзімся на больш раньняй ступені дыпляматычных стасункаў”.

Палітыка ў дачыненьні да Ірану ёсьць адным з пунктаў рознагалосьсяў паміж ЗША і Эўразьвязам. Амэрыканская адміністрацыя нядаўна заявіла, што ЗША ня маюць намеру далучацца да перамоваў Эўразьвязу з Тэгеранам.

Амэрыканскі лідэр лічыць, што сырыйскі рэжым павінен ужываць больш жорсткія захады супраць тых, хто ўчыняе гвалт ў Іраку, не падтрымліваць тэрарыстычныя групоўкі, якія перашкаджаюць дасягненьню міру паміж палестынцамі й ізраільцамі, а таксама скончыць “акупацыю” Лібану.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш таксама заклікаў Расею ізноў даказаць сваю прыхільнасьць да дэмакратыі. Паводле Буша, правядзеньне дэмакратычных рэформаў павінна быць асноўным прынцыпам ў дыялёгу ЗША і эўрапейскіх краінаў з Расеяй. А гэта ўключае ў сябе свабоду прэсы, жыцьцяздольнасьць апазыцыі, падзел уладаў і законнасьць.

Ва аўторак Джордж Буш возьме ўдзел у саміце НАТО, а таксама сустрэнецца з кіраўнікамі 25 краінаў Эўразьвязу. Пазьней ён наведае ў нямецкі Майнц, а ў чацьвер накіруецца ў Братыславу на саміт ЗША-Расея.
XS
SM
MD
LG