Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд Адэнаўэра лічыць неабходным пачаць беларускае вяшчаньне на “Deutsche Welle”


Ул. інф. Нямецкі фонд імя Конрада Адэнаўэра ў сваёй справаздачы пра мэдыйную сытуацыю ў найбольш праблемных рэгіёнах сьвету назваў Беларусь краінай, дзе сыстэмна перасьледуюцца незалежныя мэдыі і дэмакратычныя журналісты. Справаздача, якая ахоплівае пэрыяд ад 2000 да 2004, была прадстаўленая ў часе міжнароднай канфэрэнцыі ў Пэтэрсбэргу пад Бонам. Разам зь вядомай палітычнай фундацыяй у імпрэзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі такіх арганізацыяў як “Freedom House”, “Transparency International” і аўстрыйскай філіі “Рэпартэры бязь межаў”.

Аб’ектам дасьледаваньня экспэртаў сталі 15 краінаў з Усходняй Эўропы, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі. У той час як прадстаўнікі “Freedom House” канстатавалі, што за апошнія пяць год узровень дэмакратычнасьці СМІ татальна зьнізіўся ва ўсіх гэтых краінах, аналітыкі фундацыі імя Конрада Адэнаўэра адзначылі пазытыўныя зрухі ў чатырох краінах: Інданэзіі, Мэксыцы, Паўдзённай Афрыцы і Эгіпце. Усе экспэрты аднадушныя ў ацэнцы сытуацыі са свабодай СМІ ў Расеі –яна дынамічна пагаршаецца.

Што да Беларусі, то, паводле выступоўцаў, гэта адзіная з 15 дасьледаваных краінаў, дзе ўвесь апошні час ўстойліва, сыстэмна і супрацьзаконна вядзецца перасьлед незалежных мэдыяў і дэмакратычных журналістаў.

Як лічыць Пэтэр Айген, кіраўнік антыкарупцыйнай групы “Transparency International”, нягледзячы на тое, што працаваць ва ўмовах рэжыму для незалежных журналістаў усё больш небясьпечна, дэмакратычныя СМІ ў Беларусі ёсьць галоўным фактарам у барацьбе супраць карупцыі і адзінай надзеяй на тое, што дыктатура можа быць зрынутая.

Улічваючы цяперашнюю сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі, экспэрты фундацыі імя Адэнаўэра бачаць неабходнасьць ў стварэньні адмысловага беларускага вяшчаньня на нямецкім радыё “Deutsche Welle”. Як паведамляе нямецкая “Frankfurter Allgemeine”, адпаведны праект ужо падрыхтаваны, аднак на разгляд будзе вынесены гэтым летам.

Тым часам, аўстрыйскія назіральнікі, указваючы на ўзмацненьне цэнзуры ў беларускіх СМІ, робяць выснову, што для Лукашэнкі нават крамлёўская цэнзура выглядае недастаткова жорсткай. Ня выключана, што пад кантроль беларускіх цэнзараў падпадуць і некаторыя праграмы тых расейскіх каналаў, якія вяшчаюць на Беларусь.

Як піша газэта “OberOsttereichische Nachrichten”, чым больш настойліва чапляецца “апошні дыктатар Эўропы” за ўладу, тым больш абсурднымі выглядаюць ягоныя загады. Паводле аўстрыйскага выданьня Лукашэнка, праўдападобна, марыць пра новую жалезную заслону вакол Беларусі. Аднак тым сам ён, магчыма, капае магілу і сабе самому. Дагэтуль краіну штогод пакідалі тысячы беларусаў. Калі яны больш ня змогуць бегчы ад лукашызму, то ім не застанецца нічога іншага, як пачаць барацьбу супраць яго, піша журналіст “OberOsttereichische Nachrichten”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG