Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве закрылася беларуская выстава “Балота Empire”


Паўло Зуб’юк, Кіеў Выстава беларускіх мастакоў “БАЛОТА EMPIRE”, якая адбывалася ў кіеўскім Цэнтры сучаснага мастацтва з 21 студзеня, сёньня скончыла сваю працу.

Выстава прадстаўляла ўкраінскаму гледачу працы чатырох вядомых беларускіх мастакоў: Руслана Вашкевіча, Артура Клінава, Уладзімера Цесьлера і Сяргея Войчанкі.

Брэнд-мэнэджэр Міжнароднага аўтамабільнага холдынгу “Атлант-М”, які праспансараваў праект, Юлія Кажарская лічыць, што выстава дасягнула сваёй мэты.

(Кажарская: ) “Не засталося безуважных, людзей якія б прыходзілі і зыходзілі без рэакцыі. Мабыць гэта і была задача, і яна была вырашана. І гэта здорава!”

Задаволеныя вынікамі выставы і самі мастакі. Руслан Вашкевіч сьцьвярджае, што выстава дапамагла мастакам паглядзець на свой беларускі кантэкст звонку і ўбачыць шмат цікавага. І паказаць гэта замежнаму гледачу.

(Вашкевіч: ) “Мяне зваць Руслан Вашкевіч, я адзін з удзельнікаў беларускага праекту. Гэтае паведамленьне, я лічу, атрымалася вельмі выразным і прыгожым. Сам Цэнтар сучаснага мастацтва ў захапленьні, кажа, што столькі людзей яшчэ ў іх не было. Гэта паказчык адэкватнасьці і “пападаньня”. І гэта вельмі прыемна”.

Сапраўды, кіеўскім наведвальнікам выстава спадабалася. Гэта яшчэ адно сьведчаньне жаданьня даведацца больш пра “неафіцыйную” культуру суседзяў.

(Наведвальнік: ) “Выстава беларускіх мастакоў спадабалася, гэта вельмі андэграундна. Больш бы такіх зьяў ва Ўкраіне!”

(Наведальніца: ) “Выстава спадабалася тым, што нарэшце Беларусь да нас прарвалася і мы можам убачыць тое добрае, што ёсьць у Беларусі”.

Убачыць сучаснае беларускае мастацтва на выставе змаглі і беларускія турысты, якія гэтымі днямі наведвалі ўкраінскую сталіцу.

(Наведальнік: ) “Я прыехаў зь Менску, і мы зь сябрам вырашалі схадзіць на выставу беларускіх сучасных мастакоў. Выстава клясная, можна так сказаць... Мастацтва перш за ўсё прызнаецца за мяжой, а толькі пасьля на Радзіме. Гэта крыўдна насамрэч”.

Арганізатары выставы лічаць, што гэта не апошні праект, а толькі пачатак беларуска-ўкраінскага мастацкага супрацоўніцтва.
XS
SM
MD
LG