Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатку райвыканкаму звольняць з працы за апазыцыйную дзейнасьць?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Дзьвюх грамадзкіх актывістак з Верхнядзьвінску папярэдзілі пра звальненьне з працы. Адна зь іх, юрыст Надзея Іванеева, у мінулым месяцы была прызнаная лепшым страхавым агентам раёну. А другая мясцовая актывістка, Валянціна Кудлацкая, ёсьць дэпутатам райвыканкаму, але – дэпутатам “ад апазыцыі.

Абедзьве жанчыны, Валянціна Кудлацкая і Надзея Іванеева, працуюць у Дзяржстраху, а дакладней – займаюцца афармленьнем страховак на памежным пункце Бігосава на мяжы Беларусі і Латвіі.

Мясцоваму кіраўніцтву Белдзяржстраху спатрэбілася правесьці рэарганізацыю – прасьцей кажучы, скараціць двух работнікаў страхавой брыгады, каб падняць заробак пяці іншым працаўнікам. І скараціць вырашылі менавіта гэтых дзьвюх жанчын – спадарыню Іванееву, якую нядаўна прызналі лепшым страхавым агентам, і нават зьмясьцілі ейны партрэт на Дошку гонару, ды спадарыню Кудлацкую, якая распавяла пра гісторыю іхнага скарачэньня наступнае:

(Кудлацкая: ) “Зараз празь мяжу паток машын невялікі. А зарабляем мы тое, што напрацуем, і, зразумела, заробак у нас таксама невялікі. Выглядае, што нешта трэба прадпрымаць – паглядзець, каго скараціць, а каго пакінуць. Іванеева ў нас лепшая, Кудлацкая, хаця я й брала ўдзел у выбарах – таксама ня з горшых, але начальніца наша выказалася адназначна: “Я не хачу бачыць тут Кудлацкую ды Іванееву. Яны занадта разумныя, і мне замінаюць”.

Кіраўніца раённага аддзяленьня Дзяржстраху Тацьцяна Агурэцкая, у сваю чаргу, распавяла пра разьвіцьцё гэтага канфлікту. Яна сказала, што Надзею Іванееву, магчыма, на працы пакінуць – з улікам таго, што яна ўсё-ткі лепшы работнік. А вось што да Валянціны Кудлацкай, то ейны далейшы працоўны лёс будзе вызначаць райвыканкам, бо яна ёсьць дэпутаткай райсавету, і магчымасьць ейнага скарачэньня трэба узгадніць з начальствам.

А як тлумачаць гэтыя дзьве спадарыні выраз сваёй кіраўніцы пра тое, што яны ёй “замінаюць”? Паводле словаў Валянціны Кудлацкай, канфлікты з кіраўніцай пачаліся з таго, што абедзьве жанчыны – і спадарыня Кудлацкая, і спадарыня Іванеева – заўважылі мноства парушэньняў умоваў працы. Таму на пытаньне пра тое, чым яны замінаюць начальству, Валянціна Кудлацкая адказала так.

(Кудлацкая: ) “У нас былі такія парушэньні працоўнага заканадаўства, якія цягнуліся гадамі. Пакуль мы з Надзеяй не прыйшлі, у нас, да прыкладу, не плацілі надбаўку за “начныя” і “сьвяточныя” дзяжурствы. У нас ніхто ня бачыў калектыўнае дамовы і загаду пра прэміяльныя. Бывала, рабілі плян, а прэмію атрымлівалі 100 рублёў. І мы зь Іванеевай паспрабавалі супраць гэтага ўсяго выступіць”.

Надзея Іванеева – прафэсійны юрыст, і таму шмат якія парушэньні ўдалося ліквідаваць. Валянціна Кудлацкая ўвогуле вядомая ў Верхнядзьвінску сваімі апазыцыйнымі поглядамі, яна ачольвае мясцовую філію Беларускай арганізацыі працоўных жанчын.

Дарэчы, сама спадарыня Валянціна падкрэсьлівае, што ейная грамадзкая пазыцыя грунтуецца не на нейкай радыкальнай апазыцыйнасьці, а на грамадзянскай адказнасьці і веданьні законаў. Таму шмат якія праекты жаночая арганізацыя, у якой яна працуе, ажыцьцяўляе супольна з уладамі і безь якіх-небудзь значных канфліктаў. Але спадарыня Кудлацкая ня ўпэўненая, што ў гэтай сытуацыі атрымае падтрымку ад уладных структураў.

У любым выпадку, гэтыя жанчыны гатовыя адстойваць свае правы ў судзе. Валянціна Кудлацкая так і кажа: “Мы працуем у Дзяржстраху – гэта значыць, баронім інтарэсы іншых людзей. А цяпер мусім бараніць свае інтарэсы – таксама страхавацца ад дзяржавы ды ейных чыноўнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG