Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні працягваецца суд аб высяленьні рады БНФ “Адраджэньне”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Пасьля двух тыдняў перапынку аднавіўся працэс аб высяленьні з памяшканьня Гарадзенскай гарадзкой рады БНФ “Адраджэньне”. Гэтага патрабуе жыльлёвае рамонтна-эксплюатацыйнае прадпрыемства Ленінскага раёну гораду. На працэсе ў Гарадзенскім абласным гаспадарчым судзе пабываў наш карэспандэнт.

Сёньня ў судзе быў дырэктар рамонтна-эксплюатацыйнага прадпрыемства Анатоль Літвін. Ён сказаў, што толькі падпісвае дамовы аб арэндзе, уласьнікам памяшканьняў зьяўляецца гарвыканкам. Але, маўляў, гарадзкая Рада БНФ пісьмова не прасіла даць новага памяшканьня. Хаця ў наяўнасьці, паводле спадара Літвіна, на апошні час быў толькі 12-мэтровы пакой ды бамбасховішча. Пры гэтым ён сказаў, што ягонае прадпрыемства займаецца жылым фондам і знаходзіцца па-за палітыкай.

Прадстаўнік гарадзкой Рады БНФ Сяргей Мальчык патлумачыў судзьдзі Кулакоўскаму, што калі арганізацыя застанецца безь юрыдычнага адрасу ў нежылым памяшканьні, яна ня зможа надалей афіцыйна існаваць. Пасьля азнаямленьня з паперамі, якія прадставіла суду рамонтна-эксплюатацыйнае прадпрыемства, спадар Мальчык сказаў:

(Мальчык: ) “З тых дакумэнтаў, якія былі прадстаўленыя ў суд, вынікае, што частка зь іх зроблена значна пазьней, чым былі пададзены дакумэнты ў суд. Гэта азначае, што яны не падлягаюць разгляду ў судзе”.

Наступнае паседжаньне адносна высяленьня гарадзкой Рады БНФ адбудзецца ў судзе ў чацьвер. Але яму будуць папярэднічаць яшчэ дзьве справы.

(Мальчык: ) “Акрамя гэтага, у сераду будуць разгледжаны пазовы ў дачыненьні да Ленінскай раённай Рады і абласной Рады БНФ “Адраджэньне”. Усе гэтыя пазовы ўзаемазьвязаныя, яны тычацца аднаго і таго ж працэсу. У гэтых пазовах фігуруе адзін і той жа ісьцец, і фактычна дакумэнты дублююць адзін аднаго. Таму мы сёньня прапанавалі ў судзе аб’яднаць усе гэтыя працэсы ў адзін, з чым суд не пагадзіўся, і разгляд па кожнай арганізацыі будзе праходзіць асобна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG