Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Макэйн памятае пра Беларусь і Малдову


Юры Дракахруст, Прага Амэрыканскі сэнатар Джон Макэйн мяркуе, што Беларусь мае два выдатных прыклады – Грузію і Ўкраіну.

У інтэрвію нямецкай газэце “Der Tagesspiegel” сэнатар Макэйн заявіў: “Калі мы гаворым аб свабодзе і дэмакратыі, гэта не азначае, што мы адразу ж кінем дэсантнікаў і танкі. Людзей у Беларусі прыгнятаюць, і ў гэтым ніхто ня сумняецца. Мы войскі не пасылаем і спадзяемся, што урокам стануць два выдатныя прыклады Грузіі і Ўкраіны, а ў хуткім часе на выбарах – і Малдовы”.

Праз два тыдні ў Малдове адбудуцца парлямэнцкія выбары, якія стануць сур’ёзным выпрабаваньнем для кіруючай камуністычнай партыі. Малдова – парлямэнцкая рэспубліка, таму вынікі галасаваньня 6 сакавіка будуць мець вырашальнае значэньне.

Учора ў Кішынёве адбылася сустрэча прэзыдэнта Малдовы Ўладзімера Вароніна з кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам. Шэйман браў удзел у паседжаньні камітэту СНД у справах удзельнікаў аўганскай вайны.

Шэраг праваабарончых арганізацыяў абвінавачваюць Віктара Шэймана ў дачыненьні да зьнікненьня беларускіх грамадзкіх дзеячаў. Гэтае ж абвінавачваньне ўтрымліваецца ў адпаведнай рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы – спадар Шэйман уваходзіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ў’езд у краіны Эўразьвязу. Тым ня менш прэзыдэнт Малдовы сустрэўся зь ім за два тыдні да парлямэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG