Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заведзеная крымінальная справа на кіраўніцтва Берасьцейскага лікёра-гарэлачнага заводу


Алег Супрунюк, Берасьце Дырэктара прадпрыемства Васіля Бялка, галоўнага бугальтара і ягонага намесьніка падазраюць у службовых злоўжываньнях.

У пракуратуры Берасьцейскай вобласьці вельмі неахвотна камэнтуюць сытуацыю, зьвязаную са справай у адносінах кіраўнікоў лікёра-гарэлачнага заводу. Выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу пракуратуры Ігар Катыла, якая дасьледуе гэтую справу, нават ня здолеў адказаць на пытаньне, ці затрыманы дырэктар заводу Васіль Бялко.

(Катыла: ) “Наконт затрыманьня я ня ў курсе. Я толькі ведаю, што была заведзеная крымінальная справа ў адносінах да гэтага кіраўніка. А што і як... Нават не магу адказаць, ці ў адносінах менавіта да яго, а не паводле факту злоўжываньняў. Якіх-небудзь канкрэтных зьвестак даць не магу, паколькі сам знаходжуся ў поўным няведаньні”.

Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што Васіль Бялко пакуль не затрыманы. Што тычыцца крымінальнай справы, яна заведзеная паводле артыкулу 427, частка 2 (службовы падлог). Сьледчыя падазраюць, што кіраўніцтва лікёра-гарэлачнага заводу цягам апошніх двух гадоў падавала ў органы статыстыкі непраўдзівыя зьвесткі наконт фінансавага становішча прадпрыемства. У прыватнасьці, у справаздачах не былі адлюстраваныя зьвесткі пра тое, што дэбэторская запазычанасьць на заводзе складае больш за 4 мільярды рублёў. Акрамя дырэктара прадпрыемства Бялко ў службовых злоўжываньнях падазраюцца галоўны бугальтар Бірук і намесьнік галоўнага бугальтара Самасюк.

Аналягічная крымінальная справа вядзецца цяпер і адносна кіраўнікоў акцыянэрнага таварыства “Кобрыньмэбледрэў”. Дырэктара і галоўнага бугальтара гэтага прадпрыемства таксама падазраюць у службовым падлогу ў часе падрыхтоўкі справаздачаў для органаў статыстыкі.
XS
SM
MD
LG