Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы там, на Захадзе, самі вінаваты, што Беларусь апынулася ў ізаляцыі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Агляд пачну зь ліста, аўтар якога выказвае досыць нечаканы погляд на тое, чаму Беларусь апынулася ў міжнароднай ізаляцыі.

“Вы там, на Захадзе, самі вінаваты ў тым. Што да Беларусі так ставяцца ў сьвеце, — піша нам Лявонці Бажко з Магілёва. — Загналі Лукашэнку ў кут, вось яму і няма куды падзецца. Замест таго, каб называць яго дыктатарам, лепш запрасілі б па-сяброўску да сябе, прапанавалі ўступіць у Эўразьвяз, у НАТО. Ён бы вам сам дэмакратыю і рынкавую эканоміку тут пабудаваў за паўгоду. Бо гэта энэргічны і разумны палітык, які ведае, як кіраваць краінай, абапіраючыся на народ, а не на розных прайдзісьветаў-алігархаў. Калі б на Захадзе знайшоўся разумны палітык, то абавязкова зрабіў бы так. Бо шантажаваць і ціснуць на Лукашэнку бескарысна. А ён, напэўна, і сам ужо разумее, што альтэрнатывы няма: рана ці позна давядзецца ісьці ў Эўропу. Але ж ня можа ён пры гэтым прыніжацца і паўзьці туды на каленях. Патрэбен нейкі кампрамісны варыянт, каб кіраўнік дзяржавы выглядаў годна і пачэсна, а ня нейкім капітулянтам ды няўдачнікам”.

Свой галоўны палітычны выбар Аляксандар Лукашэнка зрабіў у 1994 годзе, спадар Бажко. Потым ня раз яго пацьвярджаў — у 1995, 1996, 2001… Нарэшце, апошні раз — паўгоду таму, на чарговым рэфэрэндуме. Кожны раз у беларускага прэзыдэнта была магчымасьць выбару. Заходняя супольнасьць ніколі не зачыняла перад ім канчаткова дзьвярэй. Магчымасьць увайсьці ў гэтыя дзьверы была і застаецца. Але для гэтага трэба выканаць шэраг важных умоваў — зьмяніць заканадаўства, вярнуць дэмакратычныя правы і свабоды, разьняволіць мэдыі, правесьці незалежнае расьсьледаваньне палітычных зьнікненьняў, вызваліць палітвязьняў, правесьці свабодныя выбары. Гэта сур’ёзныя умовы, пра якія Аляксандар Лукашэнка ведае. Але наўрад ці варта асабліва спадзявацца на тое, што пасьля дзесяці гадоў ранейшай палітыкі ён раптам рэзка зьменіць курс.

Ліст ад Кастуся Атрашэўскага са станцыі Прыоцкая Тульскай вобласьці, з Расеі:

“Нават сюды, да Тульскай вобласьці, у зімовы лес дасягае ваш гаючы мабілізуючы голас, — піша слухач. — Навіны невясёлыя: у Менску зноў валакуць у пастарункі маладзёнаў з “Зубра” — за аранжавыя павязкі. Пакуль усяго толькі 30 чалавек. Што ж будзе (а будзе!), як на плошчу Незалежнасьці ў сталіцы Беларусі выйдзе статысячная, а то і пяцісоттысячная грамада? Ды ўсе ў бел-чырвона-белым. І прагалосяць магутным воклічам: “Мы — ня быдла, мы — не халуі, Мы — беларусы!” Колькі ж войскаў спатрэбіцца тады ўладзе! Ня дасьць рады. Вось калі краіна стане сапраўды вольнай. А пакуль — дзякуй кіеўскаму Майдану Незалежнасьці, дзе побач з жоўта-блакітнымі луналі і бел-чырвона-белыя сьцягі, гучалі беларускія гурты. Дачакаемся і на нашай плошчы сьвята”.

Прыемна ведаць, спадар Атрашэўскі, што недзе ў засьнежаных расейскіх лясах, на глухой станцыі ёсьць слухач, які так пільна сочыць за беларускімі падзеямі. Сапраўды, цяжка ўявіць, што Беларусь застанецца белай плямай на эўрапейскай мапе, што ўладзе тут удасца захаваць выспу аўтарытарызму пасярод аб’яднанага дэмакратычнага кантынэнту. Вецер гісторыі дзьме зусім ня ў тыя ветразі, якія падняў на сваім караблі наравісты беларускі капітан. Іншая рэч, колькі часу спатрэбіцца беларусам, каб усьвядоміць гэта, зрабіць высновы і дамагчыся зьменаў у сваёй краіне.

Ліст ад Адася Качаноўскага з Маладэчна. Слухач піша:

“Бяда нашага народу ў тым, што ў выніку шматгадовай афіцыйнай хлусьні адбылася дэфармацыя сьвядомасьці. Людзі ператвараюцца ў апалітычных кастратаў. Я стары і сталы слухач Радыё Свабода. Дзякуючы вашым перадачам я ў курсе ўсіх падзеяў, што адбываюцца ў Беларусі і ва ўсім сьвеце. Ваша радыё — як сьвежае паветра, як прамень сьвятла ў цемры. Шкада толькі, што ў маім прыймачы няма кароткай хвалі 19 мэтраў.

Хачу крыху спыніцца на творах, якія дасылаюць вашы слухачы на конкурс. Неяк увечары слухаў допіс спадара Савіцкага — пра немцаў ды партызан-“марадзёраў”. Шчыра скажу: мне было ніякавата слухаць гэтыя фантазіі ад такога паважанага чалавека. Калі б гэта чуў, напрыклад, Ніл Гілевіч (у яго бацька партызаніў) ды каб жыў Алесь Адамовіч (былы партызан) — упэўнены, што ім гэта не спадабалася б. З гэтай нагоды скажу толькі, што вельмі слушнымі былі крытычныя заўвагі Пазьняка ды Халіп на адрас камандаваньня гэтай групоўкі партызан Полацка-Вушацкай зоны, якія трапілі ў блякаду. Немцы зьнялі з фронту часьці — і 16 партызанскіх брыгадаў апынуліся ў катле. Я сам быў сьведкам тых падзеяў падчас вайны. А яшчэ скажу, што, нагадваючы пра генацыд нямецкага фашызму, нельга забывацца пра генацыд расейскага бальшавізму. Грамадзтва павінна патрабаваць ад улады суду над камунізмам”.

Да суду над камунізмам, спадар Качаноўскі, у Беларусі яшчэ далёка. Прынамсі, пакуль няма мэмарыялу ў Курапатах, пакуль у цэнтры Менску стаіць помнік Дзяржынскаму, а былыя энкавэдзісты, якія катавалі і зьнішчалі ні ў чым не вінаватых людзей, спакойна дажываюць свой век, атрымліваючы высокія вайсковыя пэнсіі — пра такі суд гаварыць не выпадае. Што да гісторыі партызанскага руху, то ў ёй, сапраўды, шмат цёмных плямаў. Нягледзячы на тое, што за савецкі час на гэтую тэму напісаны тысячы тамоў мэмуараў — праўдзівую гісторыю яшчэ толькі пачынаюць дасьледаваць. І ўспаміны сьведкаў тых падзеяў у гэтай справе надзвычай важныя.

Наша пастаянная слухачка Ніна Лідзкая з Горадні па-ранейшаму інфармуе пра тое, як ідзе справа над стварэньнем грамадзкага музэю Васіля Быкава. Вось фрагмэнт зь яе чарговага ліста:

“Ствараць музэй цяжка, бо людзі яшчэ не ўсьвядомілі ўсёй велічы пісьменьніка. Вось нядаўна запрасіла аднаго вядомага ў горадзе прадпрымальніка зайсьці ў офіс і чым-небудзь дапамагчы. “Я баюся, — адказаў ён. — Улады Быкава не шануюць, мяне могуць ня так зразумець”. Гэта мяне абразіла. Людцы добрыя, ды адкіньце вы палітыку. Успрымайце Васіля Быкава як Чалавека зь вялікай літары, сына сваёй эпохі, вялікага пісьменьніка, чыё імя вядома людзям сьвету. Нават у нашай сьціплай бібліятэцы ёсьць яго творы, перакладзеныя на баўгарскую, польскую, ангельскую, францускую, нямецкую мовы. А гэта ж аб нечым сьведчыць! Так хацелася б, каб гарадзкія ўлады павярнуліся тварам да нашай праблемы, каб далі памяшканьне пад музэй, каб наш горад быў у ліку першых, дзе ўвекавечана імя вялікага беларуса”.

Ня думаю, спадарыня Лідзкая, што вам варта лічыць абразай словы прадпрымальніка, які так адказаў на вашу просьбу. Адмова выкліканая зусім ня тым, што ваш суразмоўца не ўсьвядоміў маштабаў асобы вялікага пісьменьніка. Проста ў Беларусі прадпрымальнік, як ніхто іншы, залежны ад улады — таму і баіцца нават у дробязі паказаць сваю неляяльнасьць. Разважае ён прыкладна так: сёньня я дапамагу музэю Васіля Быкава, якога ўлада лічыць апазыцыянэрам, а заўтра да мяне прышлюць інспэктараў з падатковага камітэту. Але верце, спадарыня Лідзкая: настане час, калі ўсё стане на належнае месца: будзе ў Горадні і помнік Васілю Быкаву, і дастойны музэй. І тады вашая цяперашняя праца будзе вельмі дарэчы.

На заканчэньне ліст ад Мікалая Вязьміна зь Менску. Слухач апісвае сцэну, сьведкам якой стаў у менскім мэтрапалітэне. Цытую ліст:

“Станцыя “Плошча Леніна”, — чуецца ў вагоне мэтро. “Дзеткі, а куды гэта я прыехала? Дзе ж у Менску плошча Леніна?” — пытаецца ў пасажыраў бабулька. Відаць, забыла, што была такая плошча ў самым цэнтры Менску, ды ўжо даўно перайменавана ў плошчу Незалежнасьці. А плошча Леніна — вось яна, пад зямлёй. Тут і бюст Леніна, і камуністычныя сымбалі — серп і молат, і невялікі помнік рэвалюцыі 1905 году… “Ленін таксама ўсё жыцьцё быў падпольшчыкам — вось і яго плошча ў падпольле забралася”, — такі жарт я пачуў ад студэнтаў”.

Пра гэту сытуацыю, спадар Вязьмін, мы ў свой час падрабязна паведамлялі. Дзесяць гадоў станцыю называлі “Плошча Незалежнасьці”, але пры гэтым усё аздабленьне, усе назвы заставаліся некранутымі. А потым цішком вярнуліся да камуністычнай назвы. Відавочна, гэта была ініцыятыва гарадзкіх улад, у якіх увогуле вялікая схільнасьць да сымбаляў камуністычнай эпохі. Амаль увесь цэнтар Менску — гэта вуліцы, названыя ў гонар бальшавіцкіх функцыянэраў.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Вячаслаў Сазонаў з Баранавічаў, Міхаіл Сантаровіч зь Дзяржынску, Алесь Станкевіч з Горадні, Юры Навіцкі зь Менску, Мікола Канаховіч з Пружанаў І Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG