Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі лыжнік Дзяніс Вараб’ёў дыскваліфікаваны на 2 гады за допінг


Ул. інф. Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту(FIS) адхіліла 25-гадовага беларускага спартоўца Дзяніса Вараб’ёва ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах тэрмінам на два гады. Такое рашэньне прынятае антыдопінгавай камісіяй фэдэрацыі ў гэтыя выходныя ў нямецкім Обэрсдорфе, дзе стартаваў чэмпіянат сьвету па лыжных гонках. У гэтым першынстве ў складзе зборнай Беларусі ў гонцы на 15 кілямэтраў вольным стылем пасьпеў выступіць і Вараб’ёў. Беларускі спартовец у выніку заняў 44 месца, аднак рашэньнем FIS гэты вынік ануляваны, і беларус адхілены ад далейшага выступу ў Обэрсдорфе.

Як заявіла журналістам генэральная сакратарка FIS Сара Люіс, летась у часе допінг-кантролю на Кубку сьвету у Валь ды Фіемэ беларускі лыжнік забыў сваю валізку, дзе знаходзілася ампула з забароненым гармонам. Вэрдыкт антыдопінгавай камісіі быў вынесены праз даволі працяглы час, бо, паводле тлумачэньняў арбітражу, часовая забарона можа быць аб’яўленая толькі ў выпадку пазытыўнага допінг-тэсту.

Паводле спадарыні Левіс, сам беларускі спартовец у часе слуханьняў справы ўсяляк адмаўляўся ад выстаўленага яму абвінавачваньня ва ўжываньні допінгу і таксама сьцьвярджаў, што ня ведае, як у ягоную валізку трапіла забароненая ампула. Паведамляецца, што Дзяніс Вараб’ёў зьбіраецца аспрэчваць рашэньне FIS. Гэтым правам ён можа скарыстацца на працягу бліжэйшых 21 дня, падаўшы апэляцыю у міжнародны спартыўны арбітраж.

Нагадаю, што Дзяніс Вараб’ёў жыве і трэніруецца ў Наваполацку. У складзе беларускай зборнай дэбютаваў на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, летась удзельнічаў у трох этапах Кубку сьвету. У тым выпадку, калі рашэньне адносна дыскваліфікацыі ня будзе аспрэчана, Вараб’ёў ня зможа ўдзельнічаць ў міжнародных спаборніцтвах да 9 сьнежня 2006.
XS
SM
MD
LG