Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад зваротам супраць будаваньня цеплаэлектрацэнтралі ў Берасьці падпісалася некалькі соцень чалавек


Алег Супрунюк, Берасьце Нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці ў Берасьці працягваюцца прыгатаваньні да будаўніцтва цеплаэлектрацэнтралі, якая будзе працаваць на вуглі. Ня выключана, што будаваць гэты аб’ект пачнуць яшчэ сёлета. Чым выклікана неабходнасьць будаваць у Берасьці новую цеплаэлектрацэнтраль?

Ініцыятыва гэтай будоўлі зыходзіць ад прадпрыемства “Брэстэнэрга”. Кіраўніцтва названай арганізацыі, у прыватнасьці, генэральны дырэктар Уладзімер Шышко, пакуль пазьбягае камэнтароў на гэтую тэму, спасылаючыся на тое, што праект будаўніцтва электрацэнтралі яшчэ не зацьверджаны на ўзроўні беларускага ўраду.

Вядома толькі, што кіраўнікі прадпрыемства “Брэстэнэрга” спрабуюць пераканаць тых дзяржаўных чыноўнікаў, якія ўпаўнаважаныя даць дазвол на будаўніцтва гэтага аб’екту, што будуць выкарыстаныя самыя сучасныя тэхналёгіі. Гэта ня толькі задаволіць патрэбы Берасьця ў цяпле, але і зможа спрыяць экспарту электраэнэргіі ў суседнюю Польшчу.

Больш за ўсё пытаньняў выклікае прапанова будаваць менавіта вугальную цеплаэлектрацэнтраль, якіх зараз няма ў Беларусі – менавіта вакол паліва для плянуемай электрацэнтралі зараз ідуць самыя вялікія спрэчкі. Прыхільнікі пабудовы вугальнай станцыі кажуць, што гэта дазволіць забясьпечыць энэргетычную незалежнасьць краіны. Бо, у адрозьненьні ад прыроднага газу, які Беларусь можа закупляць фактычна толькі ў Расеі, вугаль можа быць завезены з расейскіх, украінскіх, польскіх шахтаў.

У той жа час, адмыслоўцы, якія не падтрымліваюць гэты праект (у першую чаргу, эколягі), нагадваюць пра шкоду, якую прыносіць вугаль у часе свайго спальваньня. Пра небясьпечнасьць вугальных адыходаў гаворыць Уладзімер Марозаў, дырэктар Берасьцейскага камбінату будаўнічых матэрыялаў, на тэрыторыі якога можа зьявіцца новая цеплаэлектрацэнтраль:

(Марозаў: ) “Скажуць зьнесьці гэтае прадпрыемства і зрабіць звалку тут. Там жа, уявіце, цьвёрдае паліва, колькі гадасьці будзе... А яшчэ колькі людзі будуць атручвацца тут. У нас людзі – тое самае, што сьмецьце. Іх на звалку можна вывозіць. Вось такія адносіны”.

Звычайныя грамадзяне, асабліва тыя, што жывуць паблізу плянуемай будоўлі, таксама адчуваюць небясьпеку. Пад зваротам, у якім утрымліваецца заклік да берасьцейскіх уладаў адмовіцца ад ажыцьцяўленьня гэтага праекту, падпісалася некалькі соцень чалавек.

Але кіраўніцтва гораду адназначнага адказу пакуль не дае. Так, старшыня гарвыканкаму Аляксандр Палышэнкаў у часе нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што яшчэ ня вызначыўся ў гэтым пытаньні. Між тым на красавік ужо прызначаны адпаведны тэндэр, а саму будоўлю цеплаэлектрацэнтралі могуць распачаць яшчэ сёлета.
XS
SM
MD
LG