Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень матчынай мовы


Севярын Квяткоўскі, Менск Афіцыйна гэты дзень быў абвешчаны ЮНЕСКА ў 1999 годзе на прапанову краіны Банглядэш. 21 лютага 1952 году загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданьне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазьней стала незалежнай дзяржавай Банглядэш. Пра Міжнародны дзень матчынай мовы ў Беларусі – карэспандэнт “Свабоды”.

Сёньня ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзэнтуюць кампакт-дыск: электронную бібліятэку клясыкі беларускай літаратуры. Праект зьдзейсьнены пры ўдзеле ЮНЕСКА. Таксама Таварыства беларускай мовы зробіць падарунак беларускамоўным школьнікам:

(Кручкоў: ) “Наша менская арганізацыя плянуе падарыць гімназіі нумар 23 набор беларускіх кніжак”.

На сёньняшні дзень ТБМ застаецца адзінай грамадзкай арганізацыяй, якая вядзе штодзённую пасьлядоўную працу за беларусізацыю краіны. Намаганьнямі ТБМ вярнулася беларуская мова ў аўтаматычныя тэледаведнікі, у чыгуначныя абвесткі і на шэраг этыкетак прамысловых і харчовых тавараў:

(Кручкоў: ) “Працэс пайшоў. Мы ўжо працуем як фабрыка: бясплатна перакладаем. Нядаўна са свабоднай эканамічнай зоны з Горадні зьвярнулася прадпрыемства. Праваслаўны прыход да нас зьвярнуўся... Тэлефанавалі зь Першамайскай падаткавай інспэкцыі, просяць перакласьці для іх блянкі, фармуляры на беларускую мову...”

На працягу трох апошніх стагодзьдзяў мовы выміраюць і зьнікаюць з хуткасьцю, якая ўзрастае. Сёньня каля паловы з 6000 моваў, на якіх размаўляюць у сьвеце, знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Асабліва драматычная сытуацыя ў карэнных народаў Паўночнай Амэрыкі і Сыбіры.

На меркаваньне адмыслоўцаў, пэўнай мове пагражае зьнікненьне, калі ў грамадзтве яе перастаюць вывучаць больш за трыццаць працэнтаў дзяцей. Падобная сытуацыя ўсталявалася ў Менску ў 1970-1980-х гадах, калі больш за палову вучняў былі вызваленыя ад вывучэньня беларускай мовы. Цяпер усе абавязаныя вывучаць беларускую мову. Але пасьля ўвядзеньня афіцыйнага дзьвюхмоўя ў 1995 годзе статус беларускай мовы ў грамадзтве застаецца збольшага намінальным.

Апрача ТБМ, у Беларусі дзейнічае моладзевая ініцыятыва “Вока”, якая рэгулярна ладзіць акцыі-дазвоны ў камунікацыйныя ўстановы. Маладыя людзі тэлефануюць на FM-радыё, тэлеканалы, да апэратараў сотавай сувязі і патрабуюць беларускамоўных паслугаў, беларускамоўную інфармацыю і музыку. Часам высілкі даюць вынікі – напрыклад, адзін з апэратараў мабільнай сувязі зрабіў беларускамоўную вэрсію інтэрнэт-старонкі.

На меркаваньне Сяргея Кручкова, сытуацыя зь беларускай мовай у краіне не драматычная. Дастаткова пасьлядоўнай дзяржаўнай палітыкі, і мова вернецца ў побыт большасьці грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG