Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны: пытаньне пра візавыя санкцыі для найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў “трэба разгледзець”


Юры Сьвірко, Кіеў Пра гэта ўкраінскі міністар замежных справаў Барыс Тарасюк заявіў Беларускай Свабодзе ў кулюарах пазачарговага зьезду Народнага руху Ўкраіны, які ён ачольвае. Лідэр Руху й шэф МЗС таксама паабяцаў разабрацца з просьбамі шэрагу беларускіх грамадзянаў аб палітычным прытулку ва Ўкраіне і заявіў, што новая дэмакратычная Ўкраіна адназначна далучаецца да занепакоенасьці АБСЭ, Рады Эўропы ды Эўразьвязу станам дэмакратыі ў Беларусі.

Адказваючы на маё пытаньне “ці зьбіраецца Ўкраіна далучыцца да тых візавых санкцыяў, якія ўвялі супраць 7 беларускіх чыноўнікаў ня толькі ўсе краіны Эўразьвязу, але й тыя дзяржавы, што хочуць далучыцца да яго?”, Барыс Тарасюк заявіў:

(Тарасюк: ) “Гэтае пытаньне не абмяркоўвалася на ўрадзе. Трэба разгледзець”.

Кіраўнік МЗС Украіны таксама заявіў, што нічога ня ведаў пра звароты жыхара Барысава Аляксандра Валчаніна ды іншых грамадзянаў Беларусі, якія езьдзілі ў Кіеў падчас “памаранчавай рэвалюцыі”, а потым зьведалі ціск беларускіх уладаў і папрасілі палітычнага прытулку ва Ўкраіне празь яе амбасаду ў Менску. Аднак адказаў ані з амбасады, ані з Кіева гэтыя людзі не атрымалі. Спадар Тарасюк паабяцаў:

(Тарасюк: ) “Я разьбяруся з гэтымі фактамі – калі яны маюць месца, дык, вядома, яны будуць выпраўленыя. Што тычыцца ўвогуле стаўленьня да беларускай апазыцыі, дык мне асабіста даводзілася займацца тым, каб аднавіць парушаныя правы грамадзян Беларусі, якіх нібыта занесьлі ў чорны сьпіс і затрымлівалі на мяжы па дарозе ва Ўкраіну. Іхнія правы адноўленыя. Мяне запэўнілі, што гэтых грамадзян няма ў чорных сьпісах, і надалей будзе бесьперашкоднае перасячэньне мяжы”.

Кіраўнік украінскага дыпляматычнага ведамства на суботняй прэсавай канфэрэнцыі пасьля зьезду Народнага руху Ўкраіны зрабіў яшчэ адну заяву пра Беларусь:

(Тарасюк: ) “Беларусь ёсьць суседняй для Ўкраіны дзяржавай, зь Беларусьсю мы маем тысячакілямэтровую супольную мяжу, маем актыўныя эканамічныя сувязі. І такія ўзаемадачыненьні маюць працягвацца. Што тычыцца стану дэмакратыі ў Беларусі, дык гэта ёсьць пытаньнем занепакоенасьці з боку АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапейскага Зьвязу. І Ўкраіна – новая дэмакратычная Ўкраіна – адназначна далучаецца да гэтай пазыцыі. Знаходзячыся ў апазыцыі, мы падтрымлівалі цесныя ўзаемадачыненьні зь беларускай апазыцыяй і надалей будзем падтрымліваць гэтыя сувязі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG