Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Беларусь “усясьветным лідэрам у сфэры высокіх тэхналёгій”?


Ігар Карней, Менск Некалькі апошніх гадоў у Беларусі сапраўдны бум маштабных будоўляў – ад узьвядзеньня спартовых комплексаў і вакзалаў да бібліятэкаў і гіпэрмаркетаў. У бліжэйшай пэрспэктыве – закладка Парку высокіх тэхналёгій і будаўніцтва тэлевежы: абодва праекты знаходзяцца на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі. А вось на якія дывідэнды разьлічвае беларускае кіраўніцтва, распачынаючы шэраг амбіцыйных праектаў у галіне высокіх тэхналёгій? І ці апраўданыя вялізныя выдаткі на тэхнічныя праекты кшталту тэлевежы, якія ва ўсім сьвеце ўжо прызнаныя маральна састарэлымі? У менскай студыі гэтыя пытаньні абмяркоўваюць акадэмік Аляксандар Вайтовіч і дацэнт катэдры лазэрнай фізыкі БДУ, кандыдат фізыка-матэматычных навук Ігар Сташкевіч.

(Карней: ) “Апошнім часам беларускае кіраўніцтва (прынамсі, на словах) абвясьціла пра шэраг амбіцыйных праектаў ў галіне высокіх тэхналёгій. Самы маштабны зь іх – стварэньне аналягу так званай “крэмніевай даліны”, ці, у беларускім варыянце – Парку высокіх тэхналёгій. Патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі пры гэтым безапэляцыйнае: праз пяць гадоў Беларусь мусіць стаць усясьветным лідэрам у сфэры высокіх тэхналёгій. Спадар Вайтовіч, дзеля справядлівасьці, трэба адзначыць, што сама ідэя высокатэхналягічнага цэнтру належыць не цяперашняму кіраўніцтву Беларусі, як шмат хто думае, а навукоўцам Акадэміі навук і Вам у прыватнасьці. Параўноўваючы ідэі Вашыя і цяперашнія, трансфармаваныя пад новыя абставіны – ці можна казаць, што сутнасна гэта ўсё ж розныя праекты і мэты ў іх гэтаксама розьняцца?”

(Вайтовіч: ) “Яшчэ ў 1998 годзе Акадэмія навук прапанавала заснаваць па сутнасьці Парк высокіх тэхналёгій, як кажуць цяпер, а тады ўмоўная назва была “Акадэмтэхнаполіс”. У 1999-м Акадэмія пачала грамадзкасьці прапаноўваць для Беларусі інавацыйны шлях разьвіцьця: распрацавалі канцэпцыю “Акадэмтэхнаполісу”, праект адпаведнага ўказу, спрабавалі яго ўзгадніць зь ведамствамі і кіраўнікамі міністэрстваў…

Урэшце, тэзіс аб інавацыйным шляху разьвіцьця пачалі агучваць, на розных сходах пра гэта пачалі казаць. Летась правялі нават “партыйна-гаспадарчы актыў”, як гэта рабілі раней, а цяпер зноў практыкуецца. Прапанавалі гэтую “крэмніевую даліну” на манэр таго, што было зроблена ў Амэрыцы. Але, на мой погляд, у сытуацыі, якая ёсьць у Беларусі, пераход на інавацыйны шлях разьвіцьця пакуль што немагчымы…”

(Карней: ) “Можаце патлумачыць – чаму?”.

(Вайтовіч: ) “Таму што агульнавядома, якія павінны быць умовы, каб мог інавацыйны працэс разьвівацца ў краіне. Адна з умоваў – заканадаўчая база, другая – інавацыйная структура; таксама кадравая ўмова – гэта ня толькі навуковыя кадры, але і мэнэджэрскія, дыстрыбутарскія кадры, якія прадукты вытворчасьці маглі б распаўсюджваць. І паколькі ў нас самая галоўная ўмова – заканадаўчая база – ня створаная для інавацыйнага працэсу (бо ўказы, дэкрэты адзін за адным ідуць, адзін адмяняе другі, карэктуе й г.д.) – то інвэстары ў такую няпэўную эканоміку ня будуць ніколі ўкладаць грошы”.

(Карней: ) “Адным зь ініцыятараў стварэньня Парку высокіх тэхналёгій – у нядаўнім часе прэзыдэнцкі дарадца, а цяпер прадстаўнік прэзыдэнта ў Нацыянальным сходзе Валерый Цапкала. Спадар Сташкевіч, ці не здаецца Вам, што Цапкала, які ўзначальваў дыпляматычную місію ў ЗША, менавіта там “захварэў” на ідэю “сіліконавай даліны”, і што менавіта ён уклаў у вушы кіраўніцтву краіны магчымасьць пераносу такога досьведу на беларускі грунт? У любым разе – ці дастаткова дзеля рэалізацыі такога амбіцыйнага праекту жаданьня ці прыхамаці дзяржаўных чыноўнікаў?”

(Сташкевіч: ) “Паглядзеўшы на Амэрыку, натуральна, можна натхніцца ідэяй разьвіцьця высокіх тэхналёгій. Але, у першую чаргу, жаданьня аднаго чалавека ці групы чыноўнікаў недастаткова. Трэба сапраўды, як сказаў спадар Вайтовіч, пачынаць “здалёк”. Зразумела, што выйсьці зь інавацыйнымі тэхналёгіямі на сусьветны рынак вельмі цяжка: няма адпаведнага мэнэджэрскага патэнцыялу, які б вывеў распрацоўкі на той рынак, дзе яны былі б запатрабаваныя. Ну а гэта ўжо хвароба ўсёй эканомікі. Калі няма мэнэджэраў, якія маглі б пасьпяхова гандляваць на ўсясьветным рынку беларускай прадукцыяй, то ня будзе іх і ў сфэры навуковых распрацовак”.

(Карней: ) “Скажыце, калі ласка, Парк высокіх тэхналёгій задуманы, перадусім, дзеля “ўнутранага карыстаньня”, ці тут дарэчы казаць пра экспарт ноў-хаў?”

(Сташкевіч: ) “Калі мы ствараем нейкую навукаёмістую вытворчасьць, то арыентавацца павінны толькі на ўсясьветны рынак. Прыкладам гэтага – Індыя, якая зараз лідэр у стварэньні праграмных прадуктаў у сьвеце, дзе працуюць па 20-30 тысячаў праграмістаў на адной фірме. З нашых высокатэхналягічных кампаніяў, якія займаюцца тым жа праграмным забесьпячэньнем, прынамсі я ведаю толькі дзьве, якія ўвайшлі ў сотню буйнейшых эўрапейскіх фірмаў – гэта “IBA” і “Еpam systems”. І тое яны толькі ў сотні! Канкурэнцыя ў сьвеце надзвычай вялікая, і цяжка штосьці зрабіць адразу”.

(Вайтовіч: ) “У пачатку 1990-х гадоў у Беларусі пачаў разьвівацца працэс пераходу навуковых распрацовак у вытворчасьць. Паўзьнікалі фірмы, якія пачалі займацца выпускам высокатэхналягічнай прадукцыі: лязэрную тэхніку пачалі выпускаць, спэктраскапічную тэхніку. Але ад 1995-1996 гадоў гэты працэс пачаў згортвацца; усё менш і менш там занята людзей. Да навуковых распрацовак, на жаль, адбілі людзям ахвоту”.

(Карней: ) “Спадар Сташкевіч, якраз Вы прадстаўляеце вельмі пэрспэктыўную сфэру, зьвязаную з лязэрнымі тэхналёгіямі. Вашыя распрацоўкі запатрабаваныя дзяржавай? І ці бачыць беларуская дзяржава ўвогуле ў гэтым сэнс?”

(Сташкевіч: ) “Справа ў тым, што лязэрныя тэхналёгіі могуць разьвівацца толькі тады, калі гэта запатрабавана прамысловасьцю. Зараз нашай прамысловасьцю запатрабаваны мізэр: лязэрная рэзка матэрыялаў, часткова – лязэрная фоталітаграфія, якая ў сьвеце даўно лічыцца пройдзеным этапам. І ўсё. Калі б у нас нармалёва разьвівалася прамысловасьць, яна б цягнула за сабой і навуку, бо ставіліся б новыя задачы, якія вырашалі б навукоўцы. Таму ў дадзеным выпадку арыентацыя можа быць толькі на зьнешні рынак, а на свой высокія тэхналёгіі вельмі цяжка арыентаваць. Усе нашыя прадпрыемствы, зьвязаныя з высокімі тэхналёгіямі (як “Інтэграл”, напрыклад) – не разьвіваюцца. Імкнуцца захаваць хоць тое, што ўжо было некалі напрацавана, а пра ўкараненьне нейкіх новых распрацовак размовы нават і няма”.

(Карней: ) “Падчас нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі нацыянальных тэлеканалаў Аляксандар Лукашэнка чарговым разам нагадаў, што бярэ пад асабісты кантроль яшчэ адзін праект – узьвядзеньне тэлевежы ў цэнтры Менску. Дарэчы, ухвалены экспэртнай камісіяй праект тэлевежы належыць архітэктару Віктару Крамарэнку, які стварыў аблічча Нацыянальнай бібліятэкі. У гэтым сэнсе некаторыя экспэрты лічаць, што будаўніцтва і тэлевежы, і бібліятэкі моцна запозьненае, паколькі сучасныя тэхналёгіі не вымагаюць такіх высілкаў – ні перадачы сыгналю з максымальнай вышыні, ні такога вялізнага кнігасховішча. Ці згодныя вы з такім меркаваньнем?”

(Сташкевіч: ) “Наконт тэлевежы… Ідэалягічна гэта праект 1960-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Зараз нідзе ў сьвеце такія вежы не будуюцца і будавацца ня будуць. Калі ў 1960-х было аналягавае тэлебачаньне, неабходна было сыгналь пасылаць з высокіх вежаў на большую тэрыторыю, то зараз сыгналь ідзе са спадарожніка, не патрэбныя ніякія вежы, дастаткова паставіць “талерку” і прымаць каля тысячы каналаў. Прыкладам, у Польшчы звыш сотні ўласна польскіх каналаў, якія ідуць са спадарожніка, і практычна на кожнай хаце ў вёсцы можна ўбачыць гэтую талерку.

А мы пачынаем будаваць вежу – нонсэнс абсалютны. Гэтыя грошы лепей было б пусьціць на тое, каб нейкія даваць датацыі тым, хто купляе спадарожнікавыя антэны. Прынамсі, гэта было б значна карысьней… А так вежу можна разглядаць як архітэктурны помнік – ня больш за тое”.

(Вайтовіч: ) “Мой суразмоўца большы спэцыяліст ў пытаньні распаўсюду сыгналю. Дадам толькі, што, як мне падаецца, і зараз уся нашая краіна ахопленая беларускім тэлебачаньнем, таму я ня ведаю, ці патрэбныя такія праекты, калі і так усё працуе… Што да Нацыянальнай бібліятэкі. Калі я быў студэнтам, у “ленінку”, як тады называлі нашую Нацыянальную бібліятэку, чарга стаяла. Цяпер студэнтаў у нас больш, мабыць,чым у гады маёй вучобы. Я зайшоў у “ленінку”: там тая ж заля, якая і была – але ж амаль пустая! Бо зараз зусім іншыя тэхналёгіі працы зь інфармацыяй.

Я гляджу на сваю ўнучку: яна сядзіць дома за кампутарам, “лазіць” па інтэрнэце, і тое, што ёй трэба, там адшуквае. І гэта тэндэнцыя: усё больш і больш будуць распрацоўвацца электронныя інфармацыйныя тэхналёгіі… Нам патрэбна было б зрабіць добрае кнігасховішча, з сучаснымі ўмовамі захоўваньня папяровых носьбітаў інфармацыі. Што да астатняга, можна было “падмадэрнізаваць” тую ж залю, і хапіла б.

А як, дарэчы, будавалася новая бібліятэка? Без праекту, перараблялася. Заклалі падмурак, які не адпавядаў геалягічным умовам: пад узгорачкам аказалася “тарфяная лінза”. Таму падмурак мусіў быць зусім іншы. Інстытут геалёгіі пачаў біць трывогу. Прабурылі сьвідравіны – сапраўды “тарфяная лінза”. Перарабілі падмурак, зноў затрацілі грошы. Для чаго цяпер гэта ўвогуле будзе выкарыстоўвацца? Паздаюць на офісы фірмам, я думаю. Але горш іншае: на непатрэбную ў такім маштабе будоўлю забіраюцца грошы з рэгіёнаў, неабходныя для іншых справаў”.

(Карней: ) “Усе глябальныя праекты, агучаныя апошнім часам, маюць на ўвазе вялізныя выдаткі. Пры гэтым, наколькі я ведаю з Вашых выступаў, спадар Вайтовіч, фінансаваньне навукі пакуль, мякка кажучы, змушае жадаць лепшага. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра “кропкавыя ін’екцыі”, тым часам як агульная сытуацыя ў навуковай сфэры наўрад ці зьменіцца. Ці сытуацыя крыху іншая?”

(Вайтовіч: ) “Кожны год зьмяншаецца колькасьць дасьледчыкаў у Беларусі. Зараз іх на 10 000 насельніцтва меней, чым у Расеі, Украіне, Літве, Эстоніі і, вядома, нашмат меней, чым у высокаразьвітых краінах. Тое ж і з фінансаваньнем навукі. Увесь час падае навукаёмістасьць валавага ўнутранага прадукту. На прэзыдыюме эканамісты, якія маюць міжнародны досьвед, казалі: калі цягам 5-7 гадоў навукаёмістасьць валавага ўнутранага прадукту складае менш за 1%, то гэта вядзе да дэградацыі навукі, дэградацыі навукова-тэхнічнага, інтэлектуальнага патэнцыялу краіны. У нас на працягу 10 гадоў – ад 1994 да 2004-га – у сярэднім гэты паказчык 0,84%. Што трэба рабіць у гэтай сувязі? Скончыць будаўніцтва непатрэбных аб’ектаў (не першачарговых), і фінансаваць навукова-тэхнічныя распрацоўкі...

На жаль, начальнік Акадэміі навук сёньня не прафэсіянал. Мы думалі, што чалавек, магчыма, чамусьці навучыцца. Але ўжо мінулі больш за тры гады, і замест таго, каб думаць, абмяркоўваць, дыскутаваць пра пытаньні, якія тычацца разьвіцьця навукі, мы ў Акадэміі большасьць часу адбіваемся ад пражэктаў, якія “ўкідвае” начальства: то пазбавіць акадэмікаў акадэмічных званьняў, то зрабіць з гуманітарнага аддзяленьня два інстытуты і ўсё туды сьпіхнуць. Такія вось нікому не патрэбныя ініцыятывы. Насамрэч, інавацыйнае разьвіцьцё як такое павінна з Акадэміі таксама расьці. На жаль, у Акадэміі нічога па-сапраўднаму, па вялікаму не ствараецца, і нават гутарак няма на гэтую тэму”.

(Карней: ) “Спадар Сташкевіч, як Вам падаецца – якія працэсы зараз найбольш характэрныя для навукі, і ці можна іх нейкім чынам рэгуляваць?”

(Сташкевіч: ) “Пры цяперашняй хадзе падзеяў уся навука перамесьціцца ў ВНУ, дзе ёсьць прафэсары, выкладчыкі, якія разам з навучаньнем студэнтаў будуць яшчэ займацца навукай. З-за таго, што фінансаваньне Акадэміі, акадэмічных інстытутаў пастаянна скарачаецца, зразумела, што ў рэшце рэшт Акадэмія, як навуковая арганізацыя, зьнікне. Для таго, каб гэтага не адбылося, патрэбныя грошы і адпаведнае жаданьне нашага кіраўніцтва разьвіваць навуку. Пакуль гэтага ня будзе, будзе ісьці толькі дэградацыя…”
XS
SM
MD
LG