Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Бярозе страйкуюць рабочыя сумеснага прадпрыемства “Транс-Экспрэс”


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Да акцыі пратэсту рабочых падштурхнулі вельмі нізкія заробкі, якія не перавышаюць 80 тысячаў рублёў у месяц.

Прадпрыемства “Транс-Экспрэс” спэцыялізуецца на перапрацоўцы крэвэтак, якіх прывозяць у Беларусь зь Нямеччыны і Галяндыі. Сыравіна, што паступае ў зімовы час – вельмі нізкай якасьці. Каб выканаць сваю дзённую норму, рабочыя вымушаныя працаваць да 12 гадзінаў, але гэта ніяк не адбіваецца на іхніх заробках. Вось што гаворыць адна з рабочых прадпрыемства:

(Спадарыня: ) “Людзі даведзеныя да такога стану, што страйкуюць. Мы ўсе ў роспачы, бо ня можам сплаціць нават камунальныя паслугі. Як жа так?”

Зараз на прадпрыемстве працуе каля 200 чалавек (у асноўным жыхары Бярозы, Івацэвічаў і навакольных вёсак, дзе знайсьці іншую працу вельмі складана). Рабочыя кажуць, што кіраўніцтва “Транс-Экспрэсу” карыстаецца гэтым іхнім безвыходным становішчам.

(Спадарыня: ) “Кожны год такая сытуацыя. Людзі сядзяць там, ня толькі простыя рабочыя, але і з вышэйшай адукацыяй. Таму што беспрацоўе вялікае. І вось людзі адукаваныя ведаюць закон, што менш за 140 тысячаў нельга плаціць. А тут плацяць 80 тысячаў. Прабачце, як можна пражыць на гэтыя грошы? А гаспадар адказвае: “Я вам не абавязаны. Не спадабаецца – ідзіце ў калгасы”.

Падобныя праблемы ёсьць і на аналягічным прадпрыемстве “Крабэкс”, што знаходзіцца ў Жабінцы. Тутэйшыя рабочыя таксама спрабуюць зьвярнуць увагу кантралюючых органаў на нізкія заробкі і дрэнныя ўмовы сваёй працы.
XS
SM
MD
LG