Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сацыял-дэмакраты прызначылі сваё аб’яднаньне на 19 сакавіка


Уладзімер Глод, Менск Адпаведныя рашэньні роўна за месяц да гэтага тэрміну былі прынятыя на паседжаньні Цэнтральнага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і на канфэрэнцыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, якія адбыліся 19 лютага. Аднак падобна на тое, што аб’яднаньне можа і не адбыцца.

Аб’яднаўчы працэс беларускіх сацыял-дэмакратаў, якія цяпер раскінутыя па шасьці ці нават сямі партыях, цягнецца ўжо ня першы год. І вось нарэшце дзьве найбуйнейшыя партыі гэтага лягеру – Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, якой кіруе Станіслаў Шушкевіч, і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), якую пасьля Міколы Статкевіча ачольвае Анатоль Ляўковіч, падышлі да рэальнага аб’яднаньня.

19 лютага актывісты абедзьвюх партыяў правялі ў суседніх залях свае партыйныя мерапрыемствы. Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Ўладзімер Нісьцюк так пракамэнтаваў вынікі форуму сваіх аднапартыйцаў:

(Нісьцюк: ) “Наша партыя прыняла ўсе тыя рашэньні, якіх мы цяпер і чакалі. Па-першае, зьмененая назва партыі – з яе выключана слова “Народная”, і адпаведная папраўка ўнесеная ў статут. Такім чынам, гэта робіць нас роднай нават па назьве Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе. Другое – прыняты праект дамовы аб аб’яднаньні. Трэцяе – людзі ўбачылі і падтрымалі новага чалавека, які зьбіраецца быць адным з прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка новай аб’яднанай партыі”.

Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Аляксей Кароль зьвярнуў увагу на тое, што 19 лютага адбылася першая партыйная канфэрэнцыя:

(Кароль: ) “Раней яны не склікаліся ў гісторыі БСДГ ніводнага разу. Па сутнасьці, гэта ступень перад зьездам. Такім чынам, сёньняшняя партыйная канфэрэнцыя цалкам падтрымала дакумэнты аб аб’яднаньні дзьвюх партыяў у адну партыю і прыняла канкрэтны мэханізм гэтага аб’яднаньня”.

У канфэрэнцыі ня ўдзельнічаў старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч, і паседжаньне праходзіла пад кіраўніцтвам Мечыслава Грыба. Спадар Шушкевіч на некалькі хвілінаў зайшоў у залю і патлумачыў прысутным, што яго запрасілі на паседжаньне Цэнтральнай рады партыі, а не на канфэрэнцыю, у якой, зь яго пункту гледжаньня, удзельнічаюць “няведама хто”.

Паводле інфармацыі, якую я атрымаў ад Станіслава Шушкевіча, сёньня ў другой палове дня адбылося паседжаньне Цэнтральнай рады партыі, якая выключыла з партыйных радоў Аляксея Караля ды Алега Трусава. На маё пытаньне, ці можа адбыцца 19 сакавіка аб’яднаўчы зьезд, Станіслаў Шушкевіч даў адмоўны адказ, спаслаўшыся на тое, што Цэнтральная рада сёньня такога рашэньня не прымала:

(Шушкевіч: ) “Зьезд ня можа адбыцца, з нашага боку. Мы сёньня плянавалі, я падкрэсьліваю, плянавалі прыняць рашэньне аб зьезьдзе – з пэўнай схемай аб’яднаньня. І мы былі гатовыя яе абмяркоўваць. Але сабраць натоўп людзей, якія ня ведаюць, што такое партыі, што такое аб’яднаньне, і з дапамогай гэтага натоўпу вырашаць нейкія пытаньні...”

Тым часам Алег Трусаў сьцьвярджае, што, згодна з партыйным статутам, канфэрэнцыя ёсьць больш высокай ступеньню, чым Цэнтральная рада.

На паседжаньні ЦК і на канфэрэнцыі выступіў былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін. Ён абвясьціў аб сваім жаданьні ўзначаліць аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю і адказаў на мноства пытаньняў.

На здымку: Аляксандар Казулін
XS
SM
MD
LG