Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці патрэбныя Беларусі вялікія Ўзброеныя Сілы? Меркаваньні менчукоў


Міхал Стэльмак, Менск Ці патрэбныя Беларусі вялікія Ўзброеныя Сілы? Як вы ставіцеся да ідэі значнага скарачэньня беларускай арміі і пераводу яе на кантрактную сыстэму службы? Сваімі меркаваньнямі наконт гэтых пытаньняў тыдня падзяліліся з нашым карэспандэнтам мінакі на вуліцах Менску.

(Карэспандэнт: ) “Ці патрэбныя Беларусі вялікія Ўзброеныя сілы?”

(Спадар Аляксандр: ) “Я лічу, што наагул армія Беларусі ня патрэбна”.

(Спадар Віктар: ) “Нам пакуль нічога ня пагражае”.

(Спадар Аляксандр: ) “Можна ўзяць нэўтралітэт, і усё. І ня трэба будзе грошы плаціць на армію”.

(Спадар Аляксей: ) “Па-першае, трэба скараціць гэтае войска. Бо вялізныя грошы выдаткоўваюцца на яго”.

(Спадар Андрэй: ) “У нас вялізнае войска. Трэба яго скарачаць”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да ідэі значнага скарачэньня беларускага войска?”

(Спадар Ігар: ) “Вядома, патрэбна. Бо тыя сродкі, што накіроўваюцца зь бюджэту на ўтрыманьне войска, можна накіроўваць на іншыя мэты”.

(Спадар Уладзімір: ) “Так, абавязкова. Усе, хто нармалёва вучыцца, туды ня трапляе. А зь вёсак набіраюць дзяцей і гвалтам туды заганяюць. А яны арміі практычна і не патрэбныя”.

(Спадар Віталь: ) “Для дзяржавы такога памеру як наша такая вялікая армія не патрэбная”.

(Спадар Віктар: ) “Армія – гэта занадта вялікія выдаткі для беднай Беларусі”.

(Спадар Анатоль: ) “Не, скарачаць не патрэбна. Ці мала што? У сьвеце зараз неспакойна”.

(Спадар Зьміцер: ) “Я лічу, што беларускую армію ня трэба скарачаць. Таму што кожны малады чалавек павінен прайсьці армію. Калі маладыя людзі ідуць у армію, яны набываюць нейкі досьвед, фізычную і маральную загартоўку. Гэта новы крок у жыцьцё”.

(Спадар Іван: ) “Трэба скарачаць і рабіць прафэсійную армію. З платнікаў. Каб там служылі спэцыялісты-прафэсіяналы ў сваёй галіне. Нельга туды забіраць зь інстытутаў хлопчыкаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці лічыце вы патрэбным перавод беларускага войска на кантрактую сыстэму службы?”

(Спадар Алег: ) “Па-мойму, трэба. Беларусь павінна ахоўваць прафэсійная армія”.

(Спадар Алесь: ) “Зразумела, патрэбна”.

(Спадар Зьміцер: ) “Кантрактная сыстэма, на мой погляд, вельмі разумная сыстэма. Кантракт падпісваецца на год, і калі, напрыклад, нешта не спадабалася маладому чалавеку, ён можа спыніць кантракт і пайсьці працаваць на дзяржслужбу альбо ў камэрцыйную структуру”.

(Спадар Ігар: ) “Ужо даўно час пераходзіць на прафэсійную армію. Пры кантрактнай сыстэме, насамрэч, будуць працаваць прафэсіяналы”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Я лічу, што беларуская армія павінна быць толькі кантрактнай. Таму што нашы хлопцы жадаюць вучыцца”.

(Спадар Максім: ) “Кантрактная сыстэма практыкуецца ва ўсім сьвеце. Бо тады армія робіцца больш баяздольнай, бо вайскоўцы – спэцыялісты сваёй справы. Таму што прызыўнікі не настолькі баяздольныя, як кантрактнікі”.

(Спадар Валера: ) “Кантрактную армію можна зрабіць вельмі маленькай. Бо мы ж не зьбіраемся ні з кім ваяваць”.
XS
SM
MD
LG