Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падпіша Іран дамову з Расеяй пра вяртаньне радыеактыўнага паліва?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Іранская арганізацыя па атамнай энэргіі паведаміла, што пагадненьне пра вяртаньне выкарыстанага ядзернага паліва з Бушэрскай атамнай электрастанцыі ў Расею будзе падпісанае на наступным тыдні. Падпісаньне пратаколу, які быў асноўнай перашкодай на шляху да запуску першага іранскага атамнага рэактару, адкладвалася ўжо некалькі разоў. Таму некаторыя аналітыкі сумняваюцца, што гэта адбудзецца і зараз.

Іранскі бок заявіў, што пагадненьне будзе падпісанае 26 лютага ў часе візыту ў Іран кіраўніка расейскага Агенцтва атамнай энэргіі Аляксандра Румянцава. Ён таксама пацьвердзіў, што пратакол гатовы да падпісаньня. Масква называе гэты дакумэнт гарантыяй таго, што сапраўды ядзерныя адкіды будуць вяртацца з Бушэру ў Расею. А значыць, сумневы ЗША і іншых краінаў у тым, што Іран будзе перапрацоўваць паліва і здабываць зь яго плютоній дзеля вырабу ядзерных бомбаў, могуць быць разьвеяныя.

Тое, што раней падпісаньне пратаколу адкладвалася, бакі тлумачаць як тэхнічнымі, фінансавымі праблемамі, гэтак і праблемамі бясьпекі. Асобныя назіральнікі кажуць, што Масква замаруджвала працэс падпісаньня з-за ціску на яе з боку ЗША.

Аднак, і цяпер аналітыкі выказваюць сумнеў, што справа можа быць завершанай на наступным тыдні, бо Расея ўсё ж бярэ пад увагу перамовы, якія вядуць з Іранам ключавыя дзяржавы Эўразьвязу – Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына. Яны прапануюць Тэгерану адмовіцца ад узбагачэньня ўрану і іншых дзеяньняў дзеля двайнога выкарыстаньня ядзернага паліва, якое вядзе да стварэньня ядзернай зброі.

Узамен Эўропа абяцае гандлёвыя стымулы і сваю дапамогу ў энэргетычных патрэбах Ірану. Брытанскі аналітык Хуман Пэймані лічыць, што наўрад ці падпісаньне адбудзецца, пакуль іранска-эўрапейскія перамовы не завершацца.

(Пэймані: ) “Адна з прычынаў, чаму Расея не змагла разьвязаць праблему аж да сёньня, гэта – сумневы ў ядзернай праграме Ірану. Цяпер вядуцца перамовы краінаў Эўразьвязу зь Іранам, МАГАТЭ таксама кантралюе працэс. Я ня думаю, што Расея падпіша пратакол, пакуль эўрапейскія дзяржавы не дасягнуць пагадненьня з Іранам, якое будзе прыймальным для абодвух бакоў і пакуль праблемы зь іранскай ядзернай праграмай ня будуць вырашаныя”.

Гэтая думка пацьвярджаецца і тым, што на мінулым тыдні ў часе візыту ў Маскву аднаго з кіраўнікоў ядзерных праграм Ірану Хасана Роўхані сакратар расейскай Рады Бясьпекі Ігар Іваноў выказаў падтрымку перамовам Ірану з Эўразьвязам, заявіўшы, што Іран павінен працягваць “канструктыўны дыялёг” з МАГАТЭ.

Расея гэтакім чынам спрабуе ўраўнаважыць свае высокія камэрцыйныя інтарэсы ад атрыманьня іранскіх ядзерных кантрактаў зь міжнароднай думкай. Масква адхіляе крытыку ў свой бок, падкрэсьліваючы, што яе ядзернае супрацоўніцтва рэгулюецца міжнародным правам. Будаўніцтва ж АЭС у Бушэры абяцае наступныя замовы. Гаворка ідзе пра намеры пабудаваць яшчэ 7 падобных аб’ектаў у Іране. Гэта вельмі важна для Масквы, бо ня так шмат яна мае кліентаў на сваю ядзерную тэхналёгію. Аналітыкі таксама зазначаюць, што акрамя эканамічнага, Расея мае ў Іране і палітычны інтарэс – набыць адданага саюзьніка на Блізкім Усходзе.

ЗША, якія абвінавачваюць Іран у спробе сакрэтна распрацоўваць ядзерную зброю, цьвердзяць, што Іран ня мае патрэбы ў ядзернай энэргіі, бо ў яго вялікія запасы нафты. Аднак, іранскія чыноўнікі гэта абвяргаюць. Так, амбасадар Ірану ў Злучаным Каралеўстве піша ў сёньняшнім нумары “Financial Times”, што “калі Іран ня будзе зьвяртацца да альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі, уключна зь ядзернай, то разьвіцьцё краіны ўскладніцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG