Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі рыхтуюць скаргу ў Канстытуцыйны суд


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія прадпрымальнікі пытаньне ўвядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць (ПДВ) зьбіраюцца абскардзіць у Канстытуцыйным судзе. Нагадаем, гэтае падатковае новаўвядзеньне справакавала канфлікт паміж бізнэсоўцамі і ўладамі. Наступствам гэтага канфлікту стала шматтысячная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 лютага. Паводле бізнэсоўцаў, зварот у Канстытуцыйны суд таксама ёсьць адной з формай іхнага пратэсту супраць увядзеньня згаданага падатку.

Ініцыявалі зварот у Канстытуцыйны суд Беларускі саюз прадпрымальнікаў і прафсаюз “Садружнасьць”. Паводле старшыні рады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў ў пытаньнях дробнага бізнэсу Кацярыны Чыжык, гэтая ініцыятыва выклікана разыходжаньнем беларускага і расейскага тэкстаў міжурадавага пагадненьня пра падатак на дабаўленую вартасьць.

(Чыжык: ) “Расейскае пагадненьне сьцьвярджае, што тавар, які падлягае абкладаньню падаткам на дабаўленую вартасьць, павінен ня толькі ўвозіцца з Расеі, але й быць вырабленым у Расеі. А ў нашым, беларускім тэксьце міжурадавага пагадненьня гаворыцца, што падлягае абкладаньню падаткам на дабаўленую вартасьць тавар, які ўвозіцца з тэрыторыі Расеі. У ім не гаворыцца пра паходжаньне тавару. Мы лічым, што Канстытуцыйны суд павінен гэта разгледзець – гэтае разыходжаньне. Лічыцца, што ёсьць парушэньне. Дакумэнты мусяць быць аднолькавымі”.

Так лічыць спадарыня Чыжык, прадстаўніца Беларускага саюзу прадпрымальнікаў.

Паводле ініцыятараў звароту ў Канстытуцыйны суд, ёсьць і іншыя юрыдычныя супярэчнасьці ў дакумэнтах пра падатак на дабаўленую вартасьць. Рашэньне пра зварот у Канстытуцыйны суд разглядалася і грамадзкім аб’яднаньнем прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, якое ладзіла 10 лютага агульнанацыянальную акцыю пратэсту супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць. Кіраўнікі “Пэрспэктывы” падтрымалі гэты зварот. Вось што паведаміў пра гэта адзін зь лідэраў “Пэрспэктывы” Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Гэты ўчынак нармалёвы. Гэта будзе яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што ўлада ў пытаньнях заканадаўства заблыталася. Адна рука ня ведае, што робіць іншая. Таму Канстытуцыйны суд мусіць паставіцца адказна да гэтага разгляду і вынесьці нейкае рашэньне. Пры гэтым мы ня выключаем, што ўлада паспрабуе адтэрмінаваць рашэньне гэтага пытаньня, неяк яго заблытаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG