Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія гісторыкі ня маюць адзінай думкі пра далучэньне Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе


Алена Струвэ, Менск У розных гарадах Нямеччыны праходзіць цяпер прэзэнтацыі кнігі “1939. Вайна, у якой было шмат бацькоў”. Яе аўтар – колішні генэрал Бундэсвэру, а цяпер гісторык Чульцэ-Рардорф. У сваім творы, у аснову якога пакладзеныя ваенныя архіўныя дакумэнты, аўтар спрабуе растлумачыць прычыны Другой усясьветнай вайны. Шэраг нямецкіх ваенных гісторыкаў бачаць у гэтай кнізе пэўную палітычную ангажаванасьць. З адным зь іх – гісторыкам музэю нямецкай капітуляцыі ў Карлсхорцы гутарыла нашая карэспандэнтка.

Віктар Горыня нарадзіўся ў ГДР, тут жа атрымаў гістарычную адукацыю. У часы Хонэкера належаў да дысыдэнтаў і разам зь некаторымі іншымі крытычнымі калегамі ў пытаньнях пакту Молатава-Рыбэнтропа меў адрозную ад прынятай гісторыкамі ГДР пазыцыю. Аб’яднаньне заходняй і ўсходняй частак Беларусі і Ўкраіны адбылося зусім не паводле жаданьня мясцовага насельніцтва, цьвердзіў Горыня.

Паводле спадара Горыні, нават і сёньня, ва ўжо аб’яднанай Нямеччыне ёсьць розныя погляды на гэты конт. Адзін зь іх выкладзены ў кніжцы бундэсвэраўскага генэрала, прэзэнтацыя якой днямі адбылася ў Бэрліне. Віктар Горыня, які браў удзел у дыскусіях распавядае пра канцэпцыю аўтара кнігі.

(Горыня: ) “Кніга ўжо прадаецца, а дыскусія адбылася ў Бэрліне ў адной бібліятэцы. Генэрал сьцьвярджаў, што цяперашняя гістарычная літаратура – гэта мана. Ён заявіў, што Сталін накіраваў свае войскі ў Заходнюю Беларусь і Ўкраіну ў зьвязку з тым, што палякі ўсіх прыгняталі, што гэтага нельга было болей цярпець і таму прыйшлося дасылаць туды войскі на вызваленьне”.

Паводле Віктара Горыня, гэткі падыход ёсьць больш чым дзіўным, тым больш, што і сам генэрал Чульцэ-Рордорф пагаджаецца з тым, што Сталін ніколі ня быў змагаром за свабоду.

Аднак аўтар кнігі сабраў шмат прыхільнікаў. Ён прэзэнтаваў кнігу бліскуча, дэманструючы добрыя аратарскія здольнасьці. Акрамя таго, ён ўлічыў палітычную сытуацыю ў краіне. Шмат хто ў Нямеччыне занепакоены эканамічным становішчам, і таму многія, асабліва на нямецкім усходзе, гатовыя падтрымаць крытыка цяперашняга ўраду.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Горыня, сярод нямецкіх гісторыкаў адносна падзеяў 1939 году ў Заходняй Беларусі і Ўкраіне існуюць некалькі падыходаў. Але праўдападобна большасьць мэтадаў саветызацыі гэтых рэгіёнаў Сталін зьбіраўся паўтарыць і ў дачыненьні да астатняй усходняй Эўропы…”

(Горыня: ) “Зразумела, што ёсьць адрозьненьні ў падыходах. Часткі Савецкага Саюзу – гэта адно. А там былі вольныя дзяржавы. У нас ёсьць трохтомная сумесная публікацыя нямецкіх і расейскіх гісторыкаў “1941-1949 гады”, з архіўнымі дакумэнтамі міністэрстваў замежных справаў. І там ёсьць цікавы дакумэнт пра сустрэчу ангельскага міністра Ідэна са Сталіным ў сьнежні 1941, калі Сталін прапаноўваў яму падзел Эўропы паміж СССР і Вялікай Брытаніяй. Вяліся розныя сакрэтныя пратаколы, але ангельскі бок ня быў да гэткіх перамоваў падрыхтаваны. Безумоўна, гэта дэмакратычная краіна і на ўзроўні аднаго міністра пытаньне не магло вырашацца… Але ў любым выпадку вядома было, што вызваленьне Ўсходняй Эўропы ад фашызму азначала ўстанаўленьне [савецкай] дыктатуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG