Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску міліцыя затрымала пяцёх сябраў АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск Актывісты АГП выйшлі да прахадной абутковага прадпрыемства “Чырвоны кастрычнік”, дзе распаўсюджвалі ўлёткі і газэты, і былі затрыманыя міліцэйскім патрулём.

Паводле словаў намесьніцы старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Алены Залескай, сёньня партыйцы праводзілі чарговую – чацьвёртую – сустрэчу з работнікамі віцебскіх прадпрыемстваў. І гэтым разам яны прыйшлі да прахадной завода “Чырвоны кастрычнік”, каб раздаць людзям, што ідуць са зьмены, улёткі ды газэты.

(Залеская: ) “Нас было пяцёра, і мы раздалі людзям каля 800 улётак і газэт. Гэта ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” і расейская “Новая газэта”, дзе падаюцца зьвесткі пра рэфэрэндум – афіцыйныя і паводле інстытуту Гэлапа. Калі мы ўжо ўсё раздалі, на трамвайным прыпынку нас затрымалі”.

Як распавяла спадарыня Залеская, разам з партыйцамі міліцыянты вырашылі затрымаць і тых людзей, якія атрымалі ўлёткі ды газэты. Двух мінакоў ім удалося схапіць, прычым затрыманая дзяўчына была відавочна хворая і прасілася дадому. Але міліцыянты загадалі ім таксама ехаць у пастарунак, бо, як выказаўся старшына Сяргей, тут было зьдзейсьненае крымінальнае злачынства – абраза прэзыдэнта.

Партыйцы на чале з Аленай Залескай ехаць у Кастрычніцкі райаддзел адмовіліся, і нават здолелі давесьці, што распаўсюд падобных друкаваных выданьняў – гэта ніяк не крымінал, і нават не адміністрацыйнае парушэньне, бо і ўлёткі, і газэты маюць усе выходныя дадзеныя. Тады міліцыянты вырашылі выклікаць, як яны сказалі, “экспэрта”, і праз некалькі хвілінаў да іх пад’ехаў чалавек у цывільным. Паглядзеўшы газэты і ўлёткі, ён загадаў усіх адпусьціць – і сябраў АГП, і затрыманых мінакоў, што першымі трапіліся пільным міліцыянтам.

На думку спадарыні Залескай, сёньняшні інцыдэнт быў паказальным для ягоных выпадковых удзельнікаў: людзі ўбачылі, што міліцыянты ня маюць рацыі, калі затрымліваюць распаўсюднікаў-апазыцыянэраў, а сам факт распаўсюду – гэта не злачынства, а цалкам законнае права вольнае асобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG