Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская “Балтыка” спадзяецца атрымаць яшчэ тры мільёны даляры ад “Крыніцы”


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва Вышэйшага гаспадарчага суду выказала меркаваньне аб неправамоцнасьці пазову расейскага бровару “Балтыка” да менскага піўзаводу “Крыніца” у памеры больш за тры мільёны даляраў. У сваю чаргу, прадстаўнікі “Балтыкі” абвінавачваюць беларускі бок у тым, што беларусы ня хочуць працаваць у прававым полі, а таму падобныя заявы ня маюць ніякай юрыдычнай сілы.

Амаль чатыры гады ня могуць паразумецца бровары суседніх дзяржаваў: пасьля выхаду з пагадненьня на стварэньне сумеснага прадпрыемства, “Балтыка” так і не змагла вярнуць у поўным аб’ёме інвэставаныя ў 2001 годзе блізу 11 мільёнаў даляраў на рэканструкцыю “Крыніцы”.

На загад Аляксандра Лукашэнкі толькі напрыканцы 2003 году былі выдаткаваныя грошы на кампэнсацыю, аднак, як кажуць на расейскім бровары, дагэтуль ня выплачаныя працэнты за карыстаньне пазыкай, пені і штрафы, якія, паводле расейскага заканадаўства, ёсьць першачарговымі плацяжамі.

Паводле падлікаў “Балтыкі” – гэта больш за 3 мільёны даляраў. Напярэдадні першы намесьнік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Яўген Сьмірноў заявіў, што ў беларускага боку існуюць “падазрэньні” наконт рэальнасьці падобнай сумы і па асобных фактах “супрацоўніцтва” будзе праведзеная дадатковая праверка.

Як удакладніў прадстаўнік Вышэйшага гаспадарчага суду Павел Чарамісін, абставіны будуць высьвятляцца мінімум да канца месяца.

(Чарамісін: ) “Пытаньне ў карэктыроўцы сумы, так. Увогуле, гэта спэцыфічная справа, вельмі даўняя, пра якую фактычна забыліся, амаль год ня ўзгадвалі, і раптам гісторыя зноў усплыла”.

Каб даведацца рэакцыю расейскага боку, я затэлефанаваў у Санкт-Пецярбург, у офіс “Балтыкі”. Дарадца кіраўніка расейскага бровару Аляксей Кедрын сказаў, што ніякіх карэктываў у іх патрабаваньнях ня будзе – маўляў, усё павінна вырашацца у юрыдычнай плоскасьці, а не асобнымі выказваньнямі чыноўнікаў.

(Кедрын: ) “Не, яно ніяк не ўплывае на нашыя дзеяньні. Любыя меркаваньні беларускага боку будуць мець сілу толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе рашэньне суду. І мы б хацелі працаваць якраз у гэтым прававым полі. А якіясьці асобныя выказваньні? Мы ня думаем, што яны маюць нейкую юрыдычную моц”.

Нягледзячы на тое, што Міжнародны арбітражны суд яшчэ летась абавязаў “Крыніцу” выплаціць “Балтыцы” патрабаваную імі суму, беларусы працягваюць шукаць варыянты, каб ад такой непрыемнай працэдуры ўхіліцца.

На самой “Крыніцы” ад усялякіх камэнтароў увогуле ўстрымліваюцца, кажучы, што гэта дзяржаўная справа, а дамову аб двухбаковым супрацоўніцтве падпісвалі два прэзыдэнты – Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт “Балтыкі” Таймураз Балоеў. А значыцца – усе пытаньні да іх.
XS
SM
MD
LG