Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяцей-інвалідаў не аддадуць у сем’і іншаземцаў. А ці возьмуць іх беларусы?


Любоў Лунёва, Менск Нацыянальны цэнтар усынаўленьня распачынае інфармацыйную кампанію, скіраваную на папулярызацыю ідэі прыёмнага бацькоўства ў Беларусі. На думку кіраўнікоў цэнтру, адна з прычынаў нежаданьня браць у сем’і дзяцей-сірот — недастатковая інфармацыя. Але пры гэтым яны спасылаюцца і на сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў дзяржаве. Пасьля выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі 17 лістапада наконт таго, што беларускія сіроты мусяць заставацца на бацькаўшчыне, а не ўсынаўляцца іншаземцамі і жыць у замежжы, іншаземцы сутыкнуліся зь нежаданьнем чыноўнікаў рознага ўзроўню спрыяць усынаўленьню хворых дзяцей.

У Беларусі 32 250 дзяцей-сіротаў. Колькасьць іх павялічваецца штодня. Трапіць у сем’і шанцуе толькі некаторым. Асноўныя прычыны — беднасьць вялікай колькасьці беларускіх сем’яў і распаўсюджанае ўяўленьне пра кепскую спадчыннасьць дзяцей-сіротаў.

Летась у Беларусі усынавілі 365 дзяцей. 90% зь іх немаўляты альбо дзеці да двух гадоў. Астатнія застаюцца ў дзіцячых дамах. У такіх умовах мясцовыя аддзелы адукацыі пайшлі на стварэньне 245 сацыяльных прытулкаў. Там трымаюць дзяцей, пакуль вядзецца праца зь іх бацькамі-алькаголікамі. Чыноўнікі разьлічваюць вярнуць потым дзяцей у сям’ю.

Чаму ў такой сытуацыі ствараюцца перашкоды іншаземцам, якія выказваюць жаданьне ўсынавіць дзяцей-інвалідаў? Кіраўніца цэнтру Натальля Пасьпелава, адказваючы Радыё Свабода на гэтае пытаньне, спаслалася на адсутнасьць тэхналёгіі міжнароднага ўсынаўленьня. Яна паведаміла, што працэдура стала больш жорсткая. Бацькі мусяць атрымаць згоду дзяржаўнага апекуна, райаддзелу адукацыі, а потым рэгіянальнага ўпраўленьня адукацыі. Спадар Пасьпелава спаслалася на дзейныя нарматыўныя акты, згодна зь якімі супрацоўнікі сацыяльных органаў мусяць сачыць за такімі сем’ямі.

(Пасьпелава: ) “Сем’і, якія ўсынавілі дзяцей, сапраўды адчуваюць кантроль з боку сацыяльна-пэдагагічных службаў. Кантроль ажыцьцяўляюць ня менш як два разы на год. Калі спэцыяліст мяркуе, што трэба часьцей наведваць сям’ю, то ён гэта і робіць часьцей. Правіла існуе больш за трыццаць гадоў. Усе такія сем’і вывучаюцца адмыслоўцамі, за імі сочаць. Складаюцца акты абсьледаваньня жыльлёвых умоваў”.

Калі вырашыцца сытуацыя з усынаўленьнем беларускіх хворых дзяцей іншаземцамі, чыноўнікі адказаць пакуль ня могуць.

Сябра ўправы фонду “Дзецям Чарнобылю” Ірына Грушавая лічыць, што ў такіх умовах трэба быць удзячным людзям, якія вырашылі забраць сірату ў сваю сям’ю, незалежна ад таго, у якой краіне жывуць прыёмныя бацькі. Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт забароны ўсынаўленьня беларускіх сіротаў іншаземцам яна разглядае выключна як ідэалёгію, а ня клопат пра лёс дзяцей.

(Грушавая: ) “Гэта ўсё дэклярацыі. Сёньня кожны ведае, што за гэтай дэклярацыяй пуста. Гісторыі жыцьця дзяцей, таго атачэньня, дзе яны жывуць, не даюць ніякага шанцу на аптымізм. Калі ў нас столькі праблемаў, калі чарнобыльская катастрофа выклікала такую колькасьць няшчасьця і сацыяльных праблемаў, то адварочвацца ад дапамогі людзей неразумна. Гэта ідэалёгія”.

Сябры грамадзкіх арганізацыяў згадваюць, што дзясяткі іншаземцаў прыяжджаюць у Беларусь і цягам некалькіх тыдняў ходзяць па розных установах, каб ім далі дазвол узяць сірату-інваліда на выхаваньне. Але безвынікова. Нават забраць дзіця на аздараўленьне для некаторых сем’яў стала праблемай.
XS
SM
MD
LG