Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія экспэрты заклікаюць Буша больш жорстка паставіцца да Пуціна і Расеі


Вольга Караткевіч, Прага 24-га лютага Джордж Буш і Ўладзімір Пуцін маюць сустрэцца ў сталіцы Славаччыны Браціславе. Амэрыканскі і расейскія прэзыдэнты заяўляюць аб блізкіх адносінах. Шырока вядомае выказваньне Буша, што ён убачыў душу Пуціна. Але гэтым разам крытыкі на адрас расейскага прэзыдэнта ў ЗША заклікаюць Буша заняць больш жорсткую пазыцыю. Сваю пазыцыю амэрыканскія экспэрты выклалі ў спэцыяльным звароце пасьля слуханьняў ў камітэце Сэнату ЗША.

Памочнікі амэрыканскага прэзыдэнта гавораць, што Буш адкрыты з Пуціным што да амэрыканскай заклапочанасьці з сытуацыяй дэмакратыі ў Расеі. Вось што сказала Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс у часе зацьвярджэньня яе на пасаду ў Камітэце замежных справаў Сэнату ЗША:

(Райс: ) “У Расеі мы бачым, што шлях да дэмакратыі нестабільны і посьпех яшчэ не дасягнуты. Сучасная гісторыя паказвае, што мы можам шчыльна супрацоўнічаць з Расеяй у агульных праблемах. І калі мы гэта робім, трэба быць упэўнены, што мы будзем працягваць ціснуць у пытаньні дэмакратыі, што мы будзем працягваць пераконваць, што абарона дэмакратыі ў Расеі вельмі важная для будучых амэрыкана-расейскіх дачыненьняў”.

Фраза Кандалізы Райс, што шлях да дэмакратыі ў Расеі нестабільны, можа выглядаць пераменшанай для Бруса Джэксана, прэзыдэнта Праекту пераходных дэмакратыяў, вашынгтонскай няўрадавай арганізацыі, якая дапамагае інстытуцыям ва ўсім сьвеце, што выступаюць за дэмакратыю. Джэксан выступаў у сэнацкім камітэце і ахарактарызаваў пуцінскае кіраваньне Расеяй больш рэзка:

(Джэксан: ) “Я ня думаю, што карэктна гаварыць, што дэмакратыя ў Расеі адступае. Дэмакратыя ў Расеі зьнішчаная, і гэта было зроблена наўмысна”.

Джэксан быў сярод прысутных экспэртаў, якія абмяркоўвалі сытуацыю са свабодамі ў Расеі. Гучала праблема кампаніі “Юкос” і было адзначана, што кампанія перадаецца ў рукі ўладаў, а таксама факты, што Расея мае шчыльныя дачыненьні з рэпрэсіўнымі ўладамі ў Беларусі і Казахстане, а таксама факты ўмяшаньня ў справы Грузіі і Ўкраіны. Амэрыканскія аналітыкі таксама адзначылі ўзмоцнены кантроль над электроннымі мэдыямі ў Расеі і права Пуціна прызначаць мясцовых губэрнатараў.

Гэтых экспэртаў папрасілі падрыхтаваць рэкамэндацыі для ЗША і пэрсанальна для Джорджа Буша – як рэагаваць на палітыку Пуціна. Рэкамэндацыі, напрыклад, улучаюць прапанову не падтрымліваць сяброўства Расеі ў Міжнароднай гандлёвай арганізацыі.

Некаторыя параілі Бушу ня толькі выказаць гэтыя погляды Пуціну пэрсанальна, але і публічна. Адзін з аналітыкаў, Андэрс Аслэнд сказаў, што Буш увогуле не павінен публічна хваліць Пуціна. Мэта рэкамэндацыяў амэрыканскіх экспэртаў – ціск ЗША павінен пераканаць Пуціна вярнуць Расею на шлях дэмакратыі.

Днямі памочніца Дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс Элізабэт Джонс выказала меркаваньні, што ў часе сустрэчы Джорджа Буша і Ўладзіміра Пуціна ў Браціславе 24-га лютага будзе абмяркоўвацца беларускае пытаньне.
XS
SM
MD
LG