Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упёрся, як чорт у сухую грушу


Леанід Дранько-Майсюк, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Гэта я пачуў яшчэ да школы. Казалі гэтак пра таго, з кім немагчыма было дамовіцца, памірыцца або пераканаць у сваёй праўдзе.

У школе ж (а яна была расейскамоўная) пачуў знакамітае: ему хоть кол на голове теши. Пазьней зразумеў, што гэта сэнсавы адпаведнік роднаму: упёрся, як чорт у сухую грушу.

Дык вось, у нашым выслоўі ўпамінаецца груша ды яшчэ да таго ж сухая! Можа, гэта й ёсьць сымбаль д''ябальскай упартасьці?! Магчыма.

З чортам жа ўсё ясна. У народнай моватворчасьці чорт займае вялізную прастору: зь ім зьвязана безьліч фразэалягізмаў... Чорт – гэта і злы дух, і ня вельмі злы; гэта і лаянка, і нават камплімэнт; гэта і паказ нашай заўсёднай памяркоўнасьці, калі, напрыклад, кажам: “Чорт яго бяры!” (у сэнсе: няхай яно будзе так, як ёсьць!). А перш за ўсё чорт – увасабленьне незадаволенасьці…

А яна, наша незадаволенасьць, бясконцая; яна – дзіця нашай непазбыўнай жыцьцёвай нявыкруткі і адваротны бок беларускай рахманасьці.

Якое ўжо стагодзьдзе мы дыхаем паветрам незадаволенасьці; мы заўсёды незадаволеныя нечым ці некім!

Вось таму маці пра непаслухмянае дзіця, жонка пра ўпартага мужа, сусед пра незгаворлівага суседа, а сяляне пра нядобрага пана казалі і кажуць: упёрся, як чорт у сухую грушу!
XS
SM
MD
LG