Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімера Парфяновіча выклікалі ў Пракуратуру Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Пракуратуру Беларусі быў выкліканы старшыня аргкамітэту Беларускага антыядзернага фронту, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч.

Рэспубліканская пракуратура выказала прэтэнзіі адносна параўнаньняў, якія зрабіў Уладзімер Парфяновіч у сваім звароце да суайчыньнікаў. Яна зьвярнула ўвагу на наступную цытату: “У нас не павінна быць ніякіх ілюзіяў, атамная энэргія ў руках Аляксандра Лукашэнкі — гэта новая Паўночная Карэя ў Эўропе, гэта шантаж суседзяў і ўсяго сьвету на прыклад Пхеньяну, гэта ператварэньне беларусаў у закладнікаў палітыкі прэзыдэнта. Лукашэнка, адчуваючы абурэньне ўсяго сьвету супраць яго таталітарнага рэжыму, хоча выкарыстаць АЭС у якасьці ядзернага шчыта”.

(Парфяновіч: ) “Абмеркавалі маю заяву, якая была раней, — і вельмі не падабаецца, што я на сёньня стаўлю нашу краіну на ўзровень Паўночнай Карэі. Ім не падабаецца тое, што гэта пераходзіць у палітычную плоскасьць. Таксама яны спыталіся, ці буду я далей будаваць гэты рух, і я сказаў, што як ёсьць у Канстытуцыі, у нашых законах, так і будзем працаваць далей”.

Супрацоўнік пракуратуры спрабаваў пераканаць Уладзімера Парфяновіча, што ідэя будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі мае эканамічнае, а не палітычнае абгрунтаваньне. З гэтым, аднак, не пагаджаецца спадар Парфяновіч і лічыць, што пракуратура правяла прэвэнтыўную размову дзеля таго, каб аказаць пэўны ціск. І за гэтым могуць быць іншыя крокі.

(Парфяновіч: ) “Пракуратура ў нас не самастойны орган, ёсьць дачыненьні, і ёй трэба зрабіць справу”.

Прэсавы сакратар пракуратуры Юры Азаронак распавёў, што Ўладзімер Парфяновіч выклікаўся ў рамках агульнага нагляду для тлумачэньняў наконт публікацыі ў Інтэрнэце.

Пракурорскі работнік мяркуе, што там ёсьць некарэктныя выказваньні і неправераныя зьвесткі. Пакуль крымінальная справа на Ўладзімера Парфяновіча не заведзена. Пракуратура задаволена атрыманымі тлумачэньнямі і зробіць свае высновы.

Уладзімер Парфяновіч абвясьціў пра намер стварыць Беларускі антыядзерны фронт у студзені гэтага году. У адкрытым лісьце да грамадзянаў краіны ён спаслаўся на інфармацыю з кампэтэнтных крыніцаў, што вышэйшае кіраўніцтва краіны таемна зацьвердзіла і накіравала для выкананьня праграму будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Гэтую працу ўлады павінны распачаць ужо сёлета.

Уладзімер Парфяновіч, трохразовы алімпійскі чэмпіён і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, заявіў, што антыядзерны рух ствараецца дзеля таго, каб не дапусьціць у Беларусі, якая пацярпела ад непрадуманых экспэрымэнтаў, новага ядзернага Армагедону. Спадар Парфяновіч лічыць, што ў краіне ў яго шмат прыхільнікаў — і ў бліжэйшы час ён мяркуе перадаць дакумэнты для рэгістрацыі Беларускага антыядзернага фронту.
XS
SM
MD
LG