Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскія прадпрымальнікі будуць страйкаваць да 1 сакавіка


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Гэтае рашэньне прынятае ў часе сходу гандляроў на цэнтральным рынку гораду. Такім чынам, прадпрымальнікі двух буйных пінскіх кірмашоў, якія абвесьцілі страйк з 1 лютага, ня будуць працаваць увесь месяц.

Раніцай гандляры пінскіх рынкаў “Цэнтральны” і “Зорны” сабраліся на сход, дзе заслухалі сваіх калегаў, якія 17 лютага бралі ўдзел у перамовах з уладамі. Перамовы тычыліся спагнаньня з індывідуальных прадпрымальнікаў падатку на даданую вартасьць на тавары, завезеныя з Расеі. Менавіта гэты падатак стаўся галоўнай прычынай страйку гандляроў. Пра тое, да якіх высноваў прыйшлі пінскія гандляры, даведаўшыся пра вынікі перамоваў з прадстаўнікамі ўраду, распавядае адзін з прадпрымальнікаў.

(Прадпрымальнік: ) “Вырашалася пытаньне: працягваць страйк альбо прыпыняць яго да 1 сакавіка. Таму што ўчора ў Менску было прынятае рашэньне з 1 сакавіка рыхтавацца да агульнанацыянальнага страйку, дзеля чаго арганізаваны страйкам. Калі пра гэта распавялі, паўстала пытаньне — што рабіць да 1 сакавіка, працаваць альбо не. Адзінагалосна было прынята рашэньне працягваць страйк”.

Адразу пасьля сходу прадпрымальнікі зьбіраліся ісьці ў суд, каб падтрымаць свайго прафсаюзнага лідэра Сяргея Касьцюковіча. 18 лютага адносна яго павінна была разглядацца адміністрацыйная справа — нібыта за арганізацыю несанкцыянаванага сходу. Аднак раптоўна высьветлілася, што суду ня будзе: міліцыянты адклікалі складзены на спадара Касьцюковіча пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

23 лютага адміністрацыйная камісія Пінскага гарвыканкаму мусіць разгледзець іншую справу на спадара Касьцюковіча. Яна тычыцца распаўсюду сярод прадпрымальнікаў інфармацыйных матэрыялаў, прысьвечаных страйку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG