Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім хоча бачыць беларускае тэлебачаньне Аляксандар Лукашэнка?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і тэлежурналіст Леанід Міндлін.

(Валер Карбалевіч: ) “Аляксандар Лукашэнка заўсёды надаваў вялікую ўвагу тэлебачаньню, разглядаў яго як важную зброю ў барацьбе за ўладу. Чарговая нарада, якую ў сераду правёў кіраўнік дзяржавы, прысьвечаная дзейнасьці беларускіх тэлеканалаў, адрозьніваецца ад іншых мерапрыемстваў такога кшталту хіба толькі большай шчырасьцю. З выступу Лукашэнкі вынікае, што зьявіліся нейкія незвычайныя абставіны, нібыта пачаўся нейкі новы этап інфармацыйнай вайны супраць Беларусі, таму трэба даць адпор. Лукашэнка сказаў, што недзе з чэрвеня ў нас павінна запрацаваць новае тэлебачаньне ў сэнсе якасьці. Чым выклікана гэтая нарада і гэтыя захады кіраўніка дзяржавы?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Паводле афіцыйнай вэрсіі, трэба зрабіць якасны рывок у разьвіцьці айчыннай тэлевізіі. Насамрэч, думаю, мэты больш прагматычныя. Ужо недалёка выбары 2006 году. І трэба думаць, як гэтыя выбары выйграць. У гэтых развагах Лукашэнкі на цяперашняй і папярэдніх нарадах ключавым падаецца слова “зброя”. Ён паўтарае, што тэлевізія, мас-мэдыі — гэта зброя, якую мы павінны моцна трымаць у сваіх руках. Гэта такі бальшавіцкі падыход. То бок СМІ зьяўляюцца зброяй дзеля таго, каб заваяваць уладу альбо любым коштам утрымаць.

Ніколі на такой нарадзе не было чуваць, што ёсьць жа артыкул 34 Канстытуцыі, які дае кожнаму грамадзяніну права на атрыманьне ўсебаковай, поўнай і дакладнай інфармацыі. І таму давайце падумаем, ці дастаткова мы забясьпечваем на нашай тэлевізіі плюралізм думак. Давайце запросім туды, напрыклад, Лябедзьку, Хадыку. Усё гэта выглядае фантастыкай. Але гэта зьяўляецца звычайнай практыкай для многіх замежных краінаў. Я вывучаў месяц у Францыі досьвед функцыянаваньня тамтэйшых мэдыяў. Там ёсьць так званая Найвышэйшая аўдыявізуальная рада. Яна сочыць за тым, каб траціна часу давалася апазыцыі. І караюцца кіраўнікі тых каналаў, якія не выконваюць гэтай квоты.

А ў нас перад дзяржаўнымі СМІ стаяць дзьве задачы: “мачыць” зьнешніх ворагаў і “мачыць” унутраных ворагаў. На нарадзе было сказана, што Беларусь “прастрэльваецца” інфармацыйна з усіх бакоў. Нават сама тэрміналёгія пэрыяду халоднай вайны, хоць менавіта той бок абвінавачваецца ў халоднай вайне. Лукашэнка заклікаў лепш тлумачыць насельніцтву, чаму растуць кошты на газ, жыльлёвыя паслугі, бо інакш “праўду” скажуць іншыя, напрыклад, апазыцыя. Фактычна, гэта заклік “мачыць” апазыцыю.

СМІ — гэта зброя дзеля ўтрыманьня ўлады. Уся лёгіка ў гэтым. А зброю трэба пэрыядычна адточваць, порах трымаць сухім. Таму і праводзяцца такія нарады”.

(Леанід Міндлін: ) “Гэта чарговая нарада. Такія нарады адбываюцца кожны год. Але, я згодзен з Класкоўскім, што гэта нарада з “узброенымі сіламі”. Была нарада з вайсковымі генэраламі, была нарада з кіраўніцтвам КДБ. Цяпер нарада з ідэалягічнымі “сілавікамі”. Калі ў Расеі “мочаць у сарціры”, то ў нас “мочаць” на тэлевізіі. Гэтая нарада — праверка перад боем”.

(Карбалевіч: ) “Але, здаецца, да бою яшчэ далёка”.

(Міндлін: ) “Гэта праверка боегатоўнасьці. Вайна не заканчваецца ніколі”.

(Карбалевіч: ) “Як вынікае з матэрыялаў нарады, галоўны сэнс прэтэнзіяў Лукашэнкі на адрас тэлеканалаў зводзіцца да таго, што яны дрэнна рэклямуюць цяперашнюю дзяржаўную палітыку. І галоўнае патрабаваньне да тэлежурналістаў — ня толькі інфармаваць, але і тлумачыць. Хоць падаецца, што сёньня беларускія тэлеканалы і так занадта палітызаваныя, і далей ужо няма куды ўзмацняць іх ідэалягізацыю, прапагандысцкі аспэкт. Як бы вы маглі пракамэнтваць гэта?”

(Класкоўскі: ) “Думаю, мы ўбачым, што ёсьць яшчэ куды ўзмацняць. Мы пераконваемся, што ва ўмовах ізаляцыі нават прымітыўная прапаганда дае немалы эфэкт, калі яна ўзьдзейнічае мэтава на пэўную, даволі вялікую кансэрватыўную групу электарату.А такая група ёсьць. Гэта ў Менску ёсьць спадарожнікавыя антэны, ёсьць магчымасьць купіць апазыцыйную прэсу, тут больш разьвіты інтэрнэт. У глыбінцы амаль нічога гэтага няма. І сам па сабе электарат там менш адукаваны, кансэрватыўны, знаходзіцца пад уплывам савецкіх забабонаў. Таму на яго можна ўзьдзейнічаць. І гэта дае пэўны эфэкт.

Думаю, улада пакінула па-за ўвагаю, махнула рукою на тую прасунутую, больш адукаваную частку грамадзтва, якая карыстаецца інтэрнэтам ці будзе глядзець праз спадарожнікавую антэну “Эўраньюс”. Іх “Панарамаю” ці “Пастскрыптумам” не пераканаеш. А ёсьць пэўны пласт электарату, які можна замбаваць. Плюс ёсьць, скажам так, пэўныя асаблівасьці беларускай электаральнай сыстэмы. І так забясьпечваецца чарговая “элегантная перамога”.

Каб разьвіваць тэлевізію ў іншым кірунку, даваць аб’ектыўную інфармацыю, то павінна быць іншая лёгіка разьвіцьця сыстэмы. А калі мы бачым, што рэжым спаўзае ад аўтарытарызму да таталітарызму, дык і вэктар разьвіцьця мэдыяў мае той жа кірунак. Таму што ў гэтай сыстэме інфармацыйная праца з насельніцтвам можа быць толькі адна — гэта прамываньне мазгоў”.

(Міндлін: ) “Дзесяць гадоў ідзе масіраваны наступ на электарат, грамадзтва. Таму ўсё адбываецца паводле элемэнтарнай лёгікі. Чаму інфармацыя павінна камэнтавацца? Таму што ня трэба, каб людзі думалі, выбіралі. Плюралізм у нас закончыўся ў 1995 годзе. Я сам кіраваў студыяй “Палітыка” на беларускім тэлебачаньні. Там былі дыскусіі, розныя думкі. Але ўсё гэта праіснавала паўгоду. Выканаўчай уладзе гэта было непатрэбна.

Славуты канадзкі сацыёляг, адмысловец у галіне масавых камунікацыяў Маклюэн у 1970–80-ыя гады праводзіў экспэрымэнт. Тэлевізійныя праграмы з спадарожнікаў падавалі некаторыя падзеі ў пэўным сэнсе. Празь месяц гэтая зьява ўспрымалася тэлегледачамі так, як падавала тэлебачаньне. У Беларусі больш чым 400 тысяч уладальнікаў спадарожнікавых антэн. Гэта нямала. Таму, магчыма, і узьнікла неабходасьць у гэтай нарадзе”.

(Карбалевіч: ) “Можа так здарыцца, што адбудзецца перасычэньне грамадзкай сьвядомасьці ад занадта маштабнай прапаганды. І яна дасьць адваротны эфэкт. Людзі могуць проста выключыць тэлевізар альбо пераключыцца на іншыя каналы”.

(Класкоўскі: ) “Тут згадваецца стары савецкі анэкдот, калі з экрана тэлевізара гледачу строга кажуць: “Я табе зараз папераключаю”. Мэнталітэт сёньняшняй улады такі, каб не даць гледачам шырокага выбару. А яшчэ ідзе такая выбуховая сумесь. Улада шмат разважае пра маральнасьць. І разам з тым, каб разбавіць прапагандысцкія “дубовыя” праграмы, ідзе такая жаўцізна”.

(Міндлін: ) “Перасычэньне ўжо адбылося. Але тых, хто кіруе прапагандай, гэта ня колькі не хвалюе. Галоўнае, каб у эфіры не было іншай думкі”.

(Карбалевіч: ) “Улады не шкадуюць грошай на тэлебачаньне. На беларускім тэлебачаньні запускаюцца новыя праекты. Пачаў дзейнічаць новы міжнародны тэлеканал “Беларусь-ТВ”. Абяцалі пабудаваць новую тэлевізійную вежу, будынкі для СТВ і ОНТ”.

(Класкоўскі: ) “Сёньня, калі ўсё больш разьвіваецца спадарожнікавае тэлебачаньне, то тэлевежы ў нейкім сэнсе становяцца ўчорашнім днём. У гэтай гігантаманіі моцны палітычны, нават піяраўскі чыньнік. Вось, глядзіце, мы пераплюнем усе сталіцы Эўропы велічынёй сваёй тэлевежы. Тут шмат прыкладаў. Можна згадаць будаўніцтва той жа бібліятэкі, іншых аб’ектаў. Калі перад чарговымі выбарамі пераразаецца чырвоная стужка — гэта эфэктна, працуе на імідж, рэйтынг і іншае.

Улада не шкадуе грошай на тэлевізію. Але кожны раз яна падкрэсьлівае, што за гэтыя грошы мы спытаем з вас па поўнай праграме. Напрыклад, у Нямеччыне, іншых краінах ёсьць сыстэма грамадзкага тэлебачаньня. Там прынцыпова ад дзяржавы не бяруць грошай. Тэлебачаньне існуе за кошт унёскаў, рэклямы і іншага. То бок, тэлевізія не залежыць ні ад буйнога капіталу, ні ад улады. Але сёньняшняму беларускаму рэжыму такія мэдыі непатрэбныя”.

(Міндлін: ) “Праекту спадарожнікавага тэлебачаньня — мае аплядысмэнты. Таму што гэта інфармацыйны прарыў. Гэта шмат каштуе, але і адкрывае вялікія магчымасьці. І Беларусь у сьвеце будуць успрымаць так, як падае праграма “Беларусь-ТВ”. Пачатак гэтаму працэсу быў пакладзены яшчэ ў 1996 годзе, калі рабілі відэафільмы для рэгіянальных расейскіх тэлекампаніяў. І вобраз беларускага рэжыму і Лукашэнкі фармаваўся ў Расеі пад узьдзеяньням гэтых відэафільмаў.

Цяпер зьявіліся значныя магчымасьці ў рэжыму прапагандаваць сябе. Мусіць, ёсьць нейкі мазгавы цэнтар, які добра пралічыў усё гэта. Наконт якасьці гэтага прадукту існуе шмат пытаньняў. Але гэта стрэльба, якая, магчыма, стрэліць у нейкім акце. Таму што гэта інструмэнт узьдзеяньня. Зь ягонай дапамогай можна ўплываць на суседзяў. Напрыклад, у краінах Балтыі існуюць праблемы. І “Беларусь-ТВ” будзе падаваць прывабны вобраз Беларусі як “зямлі абяцанай”. Што тычыцца тэлевежы, то яе можна выкарыстоўваць ня толькі для тэлебачаньня. Яна адчыняе новыя тэлекамунікацыйныя магчымасьці. Таму, калі ёсьць грошы, то можна будаваць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў узмацняецца палітызацыя і ідэалягізацыя беларускіх тэлеканалаў. Тэлебачаньне ўсё больш ператвараецца ў палітычную зброю, інструмэнт псыхалягічнай вайны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG