Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міхаілу Марынічу зьменшылі пакараньне — з 5 да 3,5 гадоў зьняволеньня [абноўлены]


Алег Грузьдзіловіч, Менск Судовая калегія Менскага абласнога суду пацьвердзіла вінаватасьць Міхаіла Марыніча ў крадзяжы маёмасьці, аднак палічыла, што былы міністар заслугоўвае больш мяккага пакараньня. Анатоль Лябедзька сказаў з гэтай нагоды: "Умоўна кажучы, замест таго, каб чацьвертаваць апазыцыянэра, у яго страляюць. А потым кажуць, што яны вельмі гуманныя". Прадстаўніца пракуратуры тымчасам выказала задавальненьне зьмякчэньнем прысуду.

Міхаіл Марыніч павінен адбыць за кратамі не 5, а 3,5 году. Гэтак 18 лютага вырашыла калегія Менскага абласнога суду, якая перагледзела справу Марыніча пасьля ягонай скаргі. Зьмякчэньне пакараньня суд патлумачыў “станоўчай характарыстыкай асуджанага”. Пры гэтым абласныя судзьдзі адмовіліся выклікаць у суд самога Міхаіла Марыніча.

Пры канцы сьнежня Менскім раённым судом былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў прызнаны вінаватым у крадзяжы кампутараў няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якую сам жа і ўзначальваў. Яго асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. З прысудам ён не пагадзіўся і падаў скаргу ў Менскі абласны суд.

Сёньня, як і раней у раённым судзе, адвакаты Валянціна Шаханцова і Вера Страмкоўская даказвалі, што кампутары не былі скрадзеныя, а толькі часова ўтрымліваліся ў гаражы сына Марыніча, пакуль для арганізацыі шукаўся новы офіс. Зноў даводзілася суду і тое, што ні “Дзелавая ініцыятыва”, ні амбасада ЗША, якая перадала кампутары ў часовае карыстаньне, ня маюць прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча. Аднак для прадстаўніцы абласной пракуратуры Марыі Маркевіч гэта ня мела істотнага значэньня.

(Маркевіч: ) “Адвакаты тут усё паставілі з ног на галаву. А самога факту і Марыніч, і адвакаты не аспрэчваюць. Тое, што паводле дакумэнтаў была атрыманая ў амэрыканцаў гэтая тэхніка, — і як зь ёй трэба было абыходзіцца, добра вядома. У любой краіне, у нашай таксама, цяпер і раней было гэтак, што тэхніку трэба ставіць на ўлік у арганізацыі”, — заявіла суду прадстаўніца пракуратуры Марыя Маркевіч.

У выніку суд зь ёй пагадзіўся і нават пакінуў бязь зьменаў кваліфікацыю дзеяньняў Міхаіла Марыніча як крадзеж у асабліва буйных памерах праз службовае злоўжываньне.

Адвакаты Міхаіла Марыніча яшчэ да спатканьня зь ім былі перакананыя, што з такім рашэньнем ён не пагодзіцца і накіруе наглядную скаргу.

(Страмкоўская: ) “Ён сам сябе ад пачатку не прызнаваў вінаватым, такім сябе ня лічыць і цяпер. Таму, нягледзячы на тое, што зьнізілі пакараньне, мы перад судовымі інстанцыямі будзем настойваць на прызнаньні ягонай невінаватасьці”, — заявіла журналістам адвакат Вера Страмкоўская.

Між тым, паводле закону лічыцца, што прысуд Міхаілу Марынічу ўжо ўступіў у дзеяньне. Адвакаты не выключаюць, што сёньня-заўтра былога міністра накіруюць у калёнію для адбыцьця пакараньня. Заставацца ў зьняволеньні Міхаілу Марынічу застаецца два гады і восем месяцаў.

***

Як камэнтуюць гэты новы прысуд Міхаілу Марынічу іншыя?

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў няўдалай спробай выйсьці з абсурднага становішча рашэньне Менскага абласнога суду адносна Міхаіла Марыніча.

(Лябедзька: ) “Гэта не мяняе па-сутнасьці нічога. Чалавек не зрабіў злачынства, а яго пасадзілі ў турму. Гэта сытуацыя абсурду, зь якой улада паспрабавала выйсьці празь зьмяншэньне тэрміну пакараньня Марынічу. Мяркую, на гэтым будуць пэўныя спэкуляцыі, нацэленыя на замежжа, што яны нібыта пайшлі насустрач. Але для мяне гэта выглядае, як, умоўна кажучы, замест таго, каб чацьвертаваць апазыцыянэра, у яго страляюць. А потым кажуць, што яны вельмі гуманныя”.

Праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак падзяляе меркаваньне, што прысуд Менскага абласнога суду Міхаілу Марынічу такі ж палітычна матываваны, як і ранейшы прысуд Менскага раённага суду.

(Гулак: ) “Відавочна, што была аддадзеная каманда крыху зьмякчыць прысуд, каб паказаць, што нешта робіцца станоўчага. Канечне ж, я рады, што Марынічу хоць крыху лягчэй, яму асабіста. Бо акрамя агульных праблемаў, ёсьць праблема кожнага чалавека, які церпіць ад рэжыму. Але, па вялікім рахунку, гэта нічога не мяняе. Ганебны прысуд такім жа ганебным і застаўся”.

Супрацоўніца менскай абласной пракуратуры Марыя Маркевіч, якая прадстаўляла ў судзе бок абвінавачваньня, наадварот, выказала задавальненьне рашэньнем Менскага абласнога суду.

(Маркевіч: ) “Я задаволеная. Я была б задаволеная, нават калі б Марынічу далі ўмоўнае пакараньне. Галоўнае, што пакаралі, бо на маю думку, крадзеж зь ягонага боку быў, ” – заявіла Марыя Маркевіч пасьля судовага паседжаньня.
XS
SM
MD
LG