Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась на Віцебшчыне за хабар было прыцягнута да крымінальнай адказнасьці 507 службовых асобаў


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

Слуцкі “Инфо-курьер” на першай старонцы публікуе матэрыял “Мэр зрабіў сваю справу, мэр можа сысьці” – пра Аляксандра Сайко, які абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і днямі разьвітаўся зь мясцовай вэртыкальлю. А тым часам наперадзе – адміністрацыйная рэформа: аб’яднаньне гораду і раёну. 2 лютага прайшла сэсія гарадзкога Савету, на якой бальшыня (19 дэпутатаў) прагаласавалі супраць аб’яднаньня. У Слуцк тэрмінова прыехаў намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму Леанід Крупец, які правёў адпаведную працу, і 16 лютага тыя ж самыя дэпутаты кардынальна памянялі свае меркаваньні і аднагалосна прагаласавалі за аб’яднаньне гораду і раёну.

Яшчэ ў Слуцку пачалася падрыхтоўка да рэспубліканскага сьвята Дажынак. Але сьвяту можа перашкодзіць… помнік Леніну, які стаіць на цэнтральнай плошчы, дзе будуць адбывацца галоўныя ўрачыстасьці. Таму Леніна вырашылі пераставіць далей ад цэнтру.

“Народная воля” ў артыкуле “Судны дзень” распавядае пра падрабязнасьці паказальнага судовага працэсу ў Гомлі, дзе судзьдзя асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня.

“Менскія нетры”. У спэцыяльным рэпартажы “Народная воля” распавядае, як жывецца людзям побач з мышамі і смаўжамі ў самым цэнтры сталіцы, дзе ў дамах дзіры ў стрэхах і цьвілыя сьцены.

Навіны беларускага шоў-бізнэсу: Ларыса Грыбалёва нарадзіла сына, а Зьміцер Вайцюшкевіч зьбіраецца запісаць кампакт-дыск пра вайну.

“Ні дня бяз хабару”, сьцьвярджае “Витебский курьер”. Днямі ў Талачыне ўзбуджаная крымінальная справа па факце атрыманьня хабару ў дачыненьні да дырэктара аднаго з прадпрыемстваў. Хабар 5 тысяч даляраў даваўся быццам бы за спрыяльнае вырашэньне пытаньня аб арэндзе. Сьледчага Віцебскай абласной пракуратуры Дзьмітрыя Касьцюка зьдзіўляе памер хабару за такую дробную справу. Пракуратура ўзбуджае ў сярэднім адну-дзьве крымінальныя справы штодня. Летась на Віцебшчыне за хабар было прыцягнута да крымінальнай адказнасьці 507 службовых асобаў, у тым ліку 102 кіраўніка.

“Белорусская деловая газета” публікуе журналісцкае расьследваньне Аляксандра Барнатовіча “Пэрыяд паўраспаду”. У 2004 годзе транзытны грузапаток праз Беларусь скараціўся амаль на 40%. У гэтым, паводле агульнага меркаваньня міжнародных грузаперавозчыкаў, вінаватыя масавыя канфіскацыі транзытных грузаў, што рэгулярна ўчыняе беларуская мытня. У такой палітыцы зацікаўленыя ня толькі асобныя ведамствы, але і многія дзяржаўныя чыноўнікі, сьцьвярджае журналіст “БДГ” Аляксандар Барнатовіч.

18 лютага спаўняецца 70 гадоў апошняму народнаму артысту СССР, купалаўцу Генадзю Аўсянікаву. Бэнэфісам актора будзе монаспэктакль “Беларусь у фантастычных апавяданьнях” паводле Яна Баршчэўскага – тэатральная малітва шляхціца Завальні ў выкананьні народнага артыста СССР і Беларусі, ляўрэата Дзяржпрэміі БССР Генадзя Аўсянікава, піша “БДГ”.
XS
SM
MD
LG