Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў Берасьці камунальныя службы выплацілі кампэнсацыю за пашкоджаньне кватэры


Алег Супрунюк, Берасьце Упершыню ў Берасьці прыватная асоба выйграла судовы працэс у камунальных службаў. Жыхарка гораду Жана Жаркова дамаглася выплаты кампэнсацыі больш чым на 3 мільёны рублёў.

Што сталася падставай для разгляду справы спадарыні Жарковай у судзе? Жана Жаркова паскардзілася на тое, што рабочыя жыльлёвай рамонтна-эксплюатацыйнай управы Берасьця вельмі неахайна праводзілі рамонт даху ў шматпавярховым будынку, дзе яна жыве. У выніку, кватэра Жарковай была затопленая, маёмасьць сапсавалася, а на сьценах зьявіліся расколіны.

Здарылася гэта восем месяцаў таму, і доўгі час спадарыня Жаркова, якая сама ёсьць юрыстам па адукацыі, спрабавала пераканаць, што ейныя патрабаваньні аб кампэнсацыі даволі слушныя. Пра рэакцыю камунальнікаў Жана Жаркова распавяла наступнае:

(Жаркова: ) “Ім тлумачылі кантралюючыя органы, што яны ня маюць рацыі. Але яны ўсё роўна ня верылі. Я пытала: “Чаму?” Яны адказвалі: “А мы грошай не дамо. Нам прасьцей хабар даць і паміж сабой усё ўрэгуляваць”. Вось у іх была такая пазыцыя”.

Калі спадарыня Жаркова адчула, што дамовіцца аб кампэнсацыі з камунальнымі службамі не атрымаецца, яна падала заяву ў суд.

Наколькі лёгка было спадарыні Жарковай давесьці свой пункт гледжаньня ў судзе, улічваючы, што падобныя справы ў Берасьці яшчэ не разглядаліся? Жана Жаркова кажа, што зрабіць гэта было цяжка, бо за гэты час былі прызначаныя восем экспэртызаў, а ейную кватэру наведалі больш за дзесятак камісіяў. Ужо калі суд пачаў разглядаць справу, прадстаўнікі камунальных службаў прапанавалі кампэнсацыю памерам 200 тысячаў, а пасьля 400 тысячаў рублёў.

Жаркова ад такіх грошай адмовілася, бо сума была вельмі малая. У сваёй заяве ў суд яна запатрабавала кампэнсаваць выдаткі за пашкоджаную кватэру і маёмасьць агулам на 2 мільёны 900 тысячаў рублёў. Суд цалкам падтрымаў гэтае патрабаваньне. Акрамя таго, Жана Жаркова атрымала 300 тысячаў рублёў за нанесеную маральную шкоду. Сама яна кажа, што людзі мусяць адстойваць свае інтарэсы ў спрэчках з камунальнымі службамі.

(Жаркова: ) “Трэба, трэба судзіцца і абараняць свае правы. Чым болей будзе такіх працэсаў, тым лепш у нас будзе якасьць жыцьця. Тым менш нас будуць заліваць, менш нам будуць хаміць”.
XS
SM
MD
LG