Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якім быў лёс нямецкіх ваеннапалонных у Беларусі?


Алена Струвэ, Менск “Прыканцы свайго жыцьця я хацеў бы паглядзець у вочы былым савецкім воінам, абняцца зь імі і сказаць: “Дзякуй Богу, што жывыя”. Такое жаданьне мае былы баец 121-й усходнепрускай дывізіі Гаральд Кёніг і іншыя, яшчэ жывыя салдаты Вэрмахта, якія ваявалі на Ўсходнім фронце. Роўна 60 год таму, у лютым 1945 г., Гаральд Кёніг быў паранены непадалёк ад Кёнігсбэргу, узяты ў палон Чырвонай Арміяй і дастаўлены ў лязарэт для ваеннапалонных, што мясьціўся непадалёк ад Калінкавічаў.

4 траўня Гаральду Кёнігу мусіць споўніцца 80. Дзень сканчэньня вайны ён сустрэў у лязарэце пад Калінкавічамі.

(Кёніг: ) “На той момант мне было 20 год, я перанёс тры апэрацыі, якія мне зрабілі ў Беларусі ў палоне, і важыў 44 кіло. Пра капітуляцыю Нямеччыны нам сказала маладзенькая мэдсястра ў час раздачы ежы. Я зразумеў тады толькі адно слова: “Вайна”, і ўбачыў, што дзьве другія мэдычныя сёстры заплакалі. Потым адзін польскі ваеннапалонны пераклаў нам: “Вайна скончылася, немцы падпісалі капітуляцыю”.

Гэтую навіну сустрэлі па-рознаму, залежна ад нацыянальнасьці. Хто зь лікаваньнем, хто з пачуцьцём вялікага сораму. У лязарэце былі хворыя і параненыя палякі, вугорцы, румыны, аўстрыйцы і немцы. Прыкладна ў той жа час я ўпершыню даведаўся пра Асьвенцім і іншыя канцлягеры. Напачатку я нават не хацеў у гэта верыць. Аднак хірургам у лязарэце працавала габрэйка, якая вельмі добра размаўляла па-нямецку. Яна зрабіла гэта вельмі далікатна, убачыўшы, зь якой цяжкасьцю мы перажываем увесь гэты сорам”.

Гаральд Кёніг належыць да тых ваеннапалонных, якія вярнуліся на Радзіму ў адным з самых першых эшалёнаў. Гэта было ў верасьні 1945. Апошнім жа салдатам вэрмахта, які вярнуўся дадому ў Аўстрыю, быў Франц Штээг. Яго вяртаньне адбылося ў 2002 годзе. Аднак, прабыўшы на радзіме ўсяго крыху болей за месяц, 80-гадовы і хворы на рак Франц Штээг прыняў рашэньне вярнуцца назад, у Беларусь. Тут, у Беларусі, непадалёк ад Воршы, дзе ён ўпершыню апынуўся ў 1942 як обэр-ефрэйтар 195 палка супрацьракетнай абароны Вэрмахта, ён і памёр напрыканцы 2002. Апошнія дні ягонага жыцьця побач зь ім знаходзіліся ягоныя беларускія сваякі –дзеці і ўнукі.

Франц Штээг трапіў у партызанскі палон ў красавіку 1943 разам са сваёй беларускай сяброўкай і будучай жонкай. У 1944 годзе іх інтэрнавалі ў лягер у Мардовію. У 1950 годзе Штээга перавялі ў лягер МУС пад Масквой. Пасьля вызваленьня Штээгу выдалі савецкі пашпарт і адмовілі ў вяртаньні дадому.

Вяртаньне Франца Штээга ў Аўстрыю стала магчымым дзякуючы працы гісторыкаў інстытута Больцмана ў Аўстрыі. Аднак гэтае вяртаньне праз 60 год не прынесла шмат радасьці Штээгу. Ягоныя самыя блізкія, уключна зь першым сынам, якога ён ніколі ня бачыў, памерлі. Што да 60 год жыцьця на чужыне, то радаснымі і шчасьлівымі Франц Штээг іх таксама назваць ня мог.
XS
SM
MD
LG