Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 лютага 1893 году нарадзіўся Максім Гарэцкі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 18 і 19 лютага

18 лютага 1845 году пакінуў гэты сьвет Ігнат Анацэвіч, беларускі гісторык і архівіст. Нарадзіўся ён у Малой Бераставіцы, паступіў спачатку ва ўнівэрсытэт у Каралеўцы, а сканчаў ужо Віленскі ўнівэрсытэт, дзе пасьля стаў прафэсарам. Праўда, пабыў ён прафэсарам усяго год, бо зьвінавацілі Анацэвіча ва ўдзеле ў студэнцкай арганізацыі “Плямёны сарматаў”. Пасьля ён апынуўся у Пецярбургу. Вывучаў там гісторыю, зьбіраў старыя дакумэнты. Свае артыкулы падпісваў псэўданімам Жэгота з Малой Бераставіцы. Галоўная праца Анацэвіча, “Гісторыя Літвы”, так і не была надрукаваная.

18 лютага 1893 году нарадзіўся найбуйнейшы беларускі пісьменьнік і вучоны ХХ ст. Максім Гарэцкі. Друкавацца ён пачаў яшчэ ў 1912 годзе ў віленскай “Нашай Ніве”, таксама ў Вільні праз два гады выйшаў ягоны першы зборнік “Рунь”, Гарэцкі быў выкладчыкам літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі і напісаў першы падручнік гісторыі беларускай літаратуры. Наагул, жыцьцё і творчасьць Гарэцкага шчыльна перапляліся зь Вільняй, якой ён прысьвяціў раман “Віленскія камунары”.

Сярод іншых славутасьцяў, што нарадзіліся 18 лютага ў розныя гады, згадаем сёньня пасьляваеннага кіраўніка БССР Васіля Казлова, народнага мастака Беларусі жывапісца Міхала Савіцкага, кампазытара Сяргея Картэса, які стаў стваральнікам беларускай клясычнай музыкі – а родам ён з гораду Сан-Антоніа ў Чылі.

18 лютага 1995 году пакінуў гэты сьвет, бадай, самы вядомы беларускі скульптар, народны мастак Беларусі Заір Азгур.

І – некалькі памятных датаў заўтрашняе суботы.

19 лютага ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Вукола. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч, “Імя Вукола блізкае па вымаўленьню да мітычнага панятку ваўкалака. Гэтая сугучнасьць і нарадзіла павер’е, быццам Вукола ратуе чалавека ад ператварэньня ў ваўка”.

19 лютага 1473 году нарадзіўся Мікалай Капернік, які стварыў тэорыю геліяцэнтрычнай мадэлі сьвету – гэта значыць, што зямля круціцца вакол сонца, а не наадварот, як думалі дагэтуль.

19 лютага 1767 году прыйшоў на сьвет Юзаф Пешка, жывапісец, прадстаўнік клясыцызму. Жыў Пешка ў Горадні, Менску і Вільні, часта наведваўся ў Магілёў, Нясьвіж, Сьмілавічы, Дукору. Асабліва каштоўныя для вывучэньня гісторыі беларускай архітэктуры пэйзажы Пешкі, віды беларускіх гарадоў.

19 лютага 1908 году нарадзіўся беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч. Ён найлепей вядомы як аўтар вершаў для дзяцей. А яшчэ вядомы сваім сынам – Станіславам Шушкевічам, кіраўніком Беларусі, за якім краіна набыла незалежнасьць.
XS
SM
MD
LG