Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкі фонд "дзеці Чарнобыля” ня бачыць сэнсу сустракацца ў Палатаце прадстаўнікоў


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля” ня бачыць мэтазгодным наведваньне Палаты прадстаўнікоў 26 красавіка, у сувязі з чарговай гадавінай Чарнобыльскай катастрофы.

Як паведаміла міністэрства замежных справаў Беларусі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў запрасіў дэлегацыю нямецкіх дэпутатаў і беларуска-нямецкія партнэрскія ініцыятывы наведаць 26 красавіка гэтага году пасяджэньне Палаты, прысьвечанае чарговай гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. За рэалізацыю гэтага “праекта” выступае менскі міжнародны адукацыйны цэнтар IBB.

Тым часам такую прапанову прадстаўнікі нямецка-беларускіх ініцыятываў успрымаюць насьцярожана. Старшыня нямецкага зьвязу “Дзецям Чарнобыля” Бурхард Гамаер лічыць, што парлямэнт Беларусі не вырашае пытаньня аб спыненьні ці аб працягу праграмы аздараўленьня дзяцей за мяжой – гэта вызначае выключна кіраўнік Беларусі.

Такім чынам адзіным адрасатам, да якога можна зьвяртацца па гэтай праблеме, зьяўляецца прэзыдэнцкая адміністрацыя.

Наведваньне парлямэнту Беларусі нямецкі зьвяз “Дзецям Чарнобыля” лічыць магчымым толькі ў тым выпадку, калі мэта паездкі будзе мець гуманітарны характар і будзе прысьвечаная працягу аздараўленьня дзяцей за мяжой.

“Ні ў якім выпадку гэтая паездка не павінна быць зьвязана са спробай палітычнага прызнаньня легітымнасьці цяперашняга парлямэнту Беларусі. Пры гэтым беларускі бок павінен быў бы гарантаваць разам зь нямецкімі арганізацыямі ўдзел у мерапрыемстве іх беларускіх партнэраў”, лічыць сьвятар Бурхард Гамаер.

(Гамаер: ) “Застаецца абсалютна няясным, ці атрымаюць запрашэньне беларускія ініцыятывы. Прысутнасьць выключна толькі нямецкіх ініцыятываў я не лічу добрай. Гэта магчыма толькі разам зь беларускімі партнэрамі, таму што мы зьяўляемся адным грамадзянскім рухам на Ўсходзе і Захадзе дзеля будучыні дзяцей. Цяпер наведваньне парлямэнту залежыць толькі ад нашых партнэраў”.

Нагадаю, гэта быў старшыня ўсенямецкай ініцыятывы “Дзецям Чарнобыля” Бурхард Гамаер. Партнэр гэтай арганізацыі зь беларускага боку, дабрачынны фонд “Дзеці Чарнобыля”, лічыць прыезд дэлегацыі сваіх партнэраў для наведваньня Палаты прадстаўнікоў несвоечасовым. Паводле старшыні фонда Генадзя Грушавога, “парлямэнт Беларусі не праяўляе ніякай цікавасьці ні да “чарнобыльскіх” ініцыятываў унутры краіны, ні да паездак дзяцей. Парлямэнт ніяк ня выказаўся адносна вядомай заявы Лукашэнкі пра абмежаваньне выездаў дзяцей за мяжу. Парлямэнт ніяк не паказаў сваю зацікаўленасьць у гэтай праблеме”. Спадар Грушавы лічыць, што ехаць нямецкай дэлегацыі ў Палату не мае сэнсу, бо гэта азначае ехаць да абсалютна абыякавых людзей.

Тым часам беларуская апазыцыя распачынае падрыхтоўку да чарговай гадавіны чарнобыльскай катастрофы. Які будзе кантэкст плянаваных мерапрыемстваў? Старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Кантэкст будзе двайны: “не” Чарнобылю і “не” ядзерным амбіцыям беларускага рэжыму, дзьве тэмы будуць. Сярод мерапрыемстваў – ня толькі традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”, а некалькі “круглых сталоў” і выезд у чарнобыльскі рэгіён”.
XS
SM
MD
LG