Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адменіць Менскі абласны суд рашэньне раённага суду ў справе Міхаіла Марыніча?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 18 лютага ў Менскім абласным судзе будзе разглядацца апэляцыя Міхаіла Марыніча на прысуд, які летась вынес яму Менскі раённы суд. Наколькі верагодна, што з былога міністра і амбасадара здымуць абвінавачваньне ў крадзяжы маёмасьці? Адвакат Марыніча Вера Страмкоўская лічыць, што шанцы на адмену прысуду Менскага раённага суду ўсё ж ёсьць.

Адвакат сыходзіць з таго, што Міхаіл Марыніч ужо быў апраўданы паводле аднаго з абвінавачваньняў.

(Страмкоўская: ) “У нас усё ж такі было два абвінавачваньня, а засталося адно. Гэта таксама дае надзеі. І па-другое: як юрыст я лічу, што няма падставаў для крымінальнага абвінавачваньня, і таму я спадзяюся, што доказы ў нашай скарзе будуць улічаныя, а перасьлед Марыніча будзе спынены”.

Нагадаю, Міхаіл Марыніч атрымаў 5 гадоў зьняволеньня нібыта за крадзёж некалькіх кампутараў у грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якую ён жа і ўзначальваў. Гэтыя кампутары былі знойдзеныя ў гаражы ягонага сына, аднак Міхаіл Марыніч у судзе заяўляў, што кампутары проста перавезьлі ў гараж на захаваньне, пакуль шукаўся новы офіс арганізацыі. Гэтую заяву Марыніча супрацоўнікі арганізацыі ў судзе пацьвердзілі, але суд да іх не прыслухаўся.

Між тым, суд сапраўды зьняў з былога міністра абвінавачваньне ў незаконным захоўваньні зброі. Гаворка ішла пра пісталет, які сьледчыя КГБ знайшлі ў загарадным доме Міхаіла Марыніча. Сьледчыя лічылі, што пісталет належыць гаспадару дома, аднак на пісталеце не было знойдзена адбіткаў пальцаў Марыніча. У выніку, у гэтым эпізодзе суд стаў на бок былога міністра. Гэта, аднак, не ўратуе яго ад турмы, калі Менскі абласны суд сёньня не адменіць рашэньне раённага суду.

Незалежныя назіральнікі на такі вынік збольшага спадзяюцца мала. Сьцьвярджаецца, што справа Марыніча адразу, ужо пасьля ягонага арышту ў красавіку мінулага года, выглядала як палітычная. Кажуць пра наступны паказчык: Міхаіла Марыніча трымалі ў ізалятары КГБ як злоснага парушальніка закону, хаця інкрымінавалі яму стратаў усяго на некалькі тысяч даляраў. А адначасова зь ім у ізалятары КГБ знаходзілася былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова, якая, паводле суду, накрала ажно на суму 3 мільёны даляраў. Тым ня менш, яшчэ да суду Жураўкову зь ізалятару вызвалілі, а Міхаіл Марыніч гэтак і застаўся ў “амэрыканцы”. Цяпер ён ў ізалятары на вуліцы Валадарскага, дзе трымаюць выключна крымінальнікаў. А тым часам арганізацыя “ Міжнародная амністыя” ужо прызнала Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.

Варта дадаць, што былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў і амбасадар у Латвіі Міхаіл Марыніч ў 2001 годзе спрабаваў вылучыцца на прэзыдэнта, але ня быў зарэгістраваны. Пасьля ён далучыўся да апазыцыі і заявіў пра намер браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года. Шмат хто ў Беларусі бачыць у ягоным перасьледзе спробу Аляксандра Лукашэнкі пазбавіцца на будучых выбарах ад небясьпечнага канкурэнта.
XS
SM
MD
LG