Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое аўганская вайна для беларусаў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 15 лютага). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: былы ўдзельнік вайны ў Аўганістане падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Сяргей Аніська і галоўны рэдактар часопісу “Архэ” Валерка Булгакаў.

(Валер Карбалевіч: ) “15 лютага спаўняецца 16 гадоў з дня вываду савецкіх войск з Аўганістану. Пытаньне аб тым, чым зьяўляецца Аўганская вайна для беларусаў, у Беларусі даўно ўжо не дыскутуецца. У афіцыйных СМІ прапануецца цалкам савецкая трактоўка гэтых падзеяў. Фактычна адрынуты ўсе ацэнкі ўдзелу СССР ў вайне ў Аўганістане пэрыяду перабудовы, пазьнейшага часу, а паўтараюцца старыя прапагандысцкія тэзы. Так, у панядзелак па беларускай тэлевізіі казалі пра “воінаў-інтэрнацыяналістаў”, пра “інтэрнацыянальны доўг”, які нібыта выконвалі савецкія вайскоўцы ў Аўганістане. Дык які ж інтэрнацыянальны абавязак, абавязак перад кім выконвалі беларусы ў Аўганістане ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя?”

(Сяргей Аніська: ) “З пазыцыі гэтага часу, канечне, я магу сказаць, што ні пра які інтэрнацыянальны абавязак гаворкі не магло весьціся. Гэты жупел быў выдуманы ідэолягамі з Крамля. Яны ўкаранілі гэты тэрмін, які выяўляецца жывучым для некаторых беларускіх палітыкаў да гэтага часу. Аўганская вайна не была інтэрнацыянальнай. Цяпер трэба прызнаць, што гэта быў акт агрэсіі, пад якой маецца на ўвазе ўвядзеньне войскаў на тэрыторыю чужой дзяржавы і разьвязваньне там шырокамаштабнай вайны”.

(Валерка Булгакаў: ) “Да гэтых этыкетак, да гэтых лексычных вынаходак трэба ставіцца з пэўнай дыстанцыяй. Тэрмін “воіны-інтэрнацыяналісты” быў спараджэньнем савецкай прапаганды, якая падкрэсьлівала ўнівэрсальнасьць камуністычнага грамадзтва. Таму яны павінны несьці сьветач прагрэсу ў асобна ўзятыя краіны. Характар гэтай моўнай гульні вельмі добра запатрабаваны цяпер беларускімі ўладамі. Цяперашняя беларуская прапаганда таксама трымаецца на падобных пастулятах. Беларускія ідэолягі сьцьвярджаюць, што палітычны курс нашай дзяржавы ажыцьцяўляецца ў імя ўнівэрсальных гуманітарных агульначалавечых вартасьцяў, а Беларусь і наш прэзыдэнт усяляк супрацьстаяць нацыяналістычным пагрозам”.

(Карбалевіч: ) “У афіцыйнай прапагандзе адбываецца актыўны працэс гераізацыі Аўганскай вайны. У гонар вайскоўцаў, загінулых у Аўганістане, ставяць помнікі. Выспу сьлёз на Нямізе пераіменавалі ў выспу мужнасьці. Заклікаюць ганарыцца ўдзельнікамі Аўганскай вайны. Хоць яшчэ ў апошнія гады існаваньня СССР было афіцыйна прызнана, што ўвядзеньне савецкіх войскаў у Аўганістан было памылкай, што гэтая вайна была непатрэбная, несправядлівая. Дык ці могуць быць названы героямі вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў несправядлівай вайне? Хто яны: героі ці ахвяры?”

(Аніська: ) “Справа ў тым, што ўсе — ад шараговага салдата і, мабыць, да генэрала, якія ваявалі ў Аўганістане — усе яны зьяўляюцца прадуктамі сваёй эпохі. Калі мы там былі, то мы, практычна, мабыць, усе сьвята верылі, што выконваем інтэрнацыянальны абавязак, абавязак перад сваёй тагачаснай радзімай — СССР. Таму многія зьдзяйсьненьні і ўчынкі, якія называюць подзьвігамі, носяць гераічнае адценьне. Людзі ж гінулі ня з крыкамі там “За Брэжнева” ці “Няхай жыве КПСС”. Шмат гераічных подзьвігаў вайскоўцы зьдзяйсьнялі, калі выратоўвалі сваіх таварышаў па службе. Магу прывесьці прыклад Героя Савецкага Саюзу Чэпіка, які прыкрываў адыход сваіх таварышаў і аддаў жыцьцё за тое, каб яны засталіся жывыя. Шмат хто гінуў, падрываючы сябе гранатай, таму што ведалі: калі трапяць у палон, то іх чакаюць катаваньні. Таму без залішняга патасу: лічу, што тых, хто там аддаў жыцьцё, можна залічыць у героі. Яны ня ведалі ўсёй падкладкі, чаму іх туды паслалі, але яны як вайскоўцы выконвалі свой абавязак, і яны яго выканалі”.

(Булгакаў: ) “Гэта вельмі глыбокае філязофскае пытаньне. Адказ на яго можа распадацца на некалькі частак. Апрача таго, што гэтая вайна была несправядлівая, яна была яшчэ і непераможная. Гэтая вайна папярэднічала распаду сацыялістычнай сыстэмы, краху СССР. І гэты чыньнік дадае ёй яшчэ больш трагізму. У шырокім філязофскім сэнсе ўсе ўдзельнікі гэтай вайны былі ахвярамі альбо, хутчэй, закладнікамі тагачаснага палітычнага курсу савецкага ўраду, савецкіх геапалітычных стратэгаў. Напэўна, сярод савецкіх удзельнікаў гэтай вайны, не было тых, хто адчуваў нейкую незвычайную матывацыю дзеля змаганьня за свабоду Аўганскага народу. Вайскоўцы выконвалі не інтэрнацыянальны абавязак, а свой уласны абавязак, дзейнічалі ў адпаведнасьці з прысягай.

Героі ці ахвяры? На вайне, кажучы па-філязофску, як на шырокім экзыстэнцыянальным полі, было месца і гераізму, і подласьці, і ўзьнёсласьці. Таму там быў і гераізм, і ўсё іншае. Натуральна, напрошваецца асацыяцыя зь цяперашняй кампаніяй амэрыканскіх войскаў у Іраку. Нават для інтэлектуальных элітаў сучаснага Захаду застаецца актуальным пытаньне, ці справядлівая гэтая вайна. Альбо тое ж пытаньне з амэрыканскай вайной у Віетнаме”.

(Карбалевіч: ) “Навошта афіцыйная прапаганда Беларусі гераізуе Аўганскую вайну? Якія мэты пры гэтым ставіць улада? Ці можна выхаваць патрыётаў на прыкладзе незразумелай для маладога пакаленьня вайны?”

(Аніська: ) “Тэма Аўганскай вайны і яе выкарыстаньне выгадныя для штатных прапагандыстаў ад улады. Улады разумеюць, што маладое пакаленьне практычна нічога ня ведае пра гэтую вайну. І штатныя ідэолягі даводзяць тую інфармацыю да моладзі, якая выгадная гэтаму рэжыму. Сутнасьць яе зводзіцца да наступнага: усе маладыя людзі, якія там ваявалі, — героі. Таму што яны выканалі свой абавязак. І вы, маладое пакаленьне Беларусі, таксама абавязаны гэта памятаць і абавязаны таксама дакладна выконваць свой абавязак, выконваць тое, што скажа ўлада. Скажа ўлада ваяваць — і вы павінны ваяваць. Вось дзеля абалваньваньня маладога пакаленьня выкарыстоўваецца Аўганская тэматыка.

Хоць я ведаю, самі ўдзельнікі вайны ў Аўганістане крытычна да гэтага ставяцца. Я ведаю шмат такіх людзей, якія выступаюць у рабочых, моладзевых калектывах. І яны выказваюць сваё гледзішча, а ня тое, якое ім спрабуюць навязаць зьверху.

Што тычыцца руху, арганізацыяў, якія аб’ядноўваюць удзельнікаў вайны ў Аўганістане, то яны даволі шматлікія. Але што тычыцца якасьці, то гэта вельмі неаднародная маса. Як і беларускае грамадзтва, Аўганскі рух разышоўся па розных полюсах. Хтосьці падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, хтосьці зьяўляецца ягоным праціўнікам, а хтосьці заняў нэўтральную пазыцыю.

Можна спаслацца на прымаўку: каму вайна, а каму маці родная. Ёсьць функцыянэры Аўганскага руху, якія добра зьліліся з гэтаю ўладаю, стварылі фонды і розныя дабрачынныя арганізацыі, атрымалі ліцэнзіі на гандаль сьпіртным, тытунёвымі вырабамі. Яны асабіста добра прыстасаваліся, аказваюць маленькую дапамогу былым удзельнікам вайны, якія знаходзяцца ў нястачы, але шырока рэклямуюць гэтую дапамогу.

А ёсьць іншая частка Аўганскага руху, такая, напрыклад, як “Абаронцы Айчыны”, якую стварыў Воўчак. Вось гэта, я лічу, неангажаваная арганізацыя, якая зможа яшчэ сказаць сваё слова, і якой улада, магчыма, будзе баяцца”.

(Булгакаў: ) “Гэта можна зразумець у кантэксьце так званай “дзяржаўнай ідэалёгіі”. Рэч у тым, што падзеі, зьвязаныя з вайной, маюць для сучасных беларускіх ідэолягаў сакральны статус. Я б параўнаў гэты фэномэн — Аўганскую вайну ў сучаснай беларускай інтэрпрэтацыі — зь Вялікай Айчыннай вайной, таксама ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Нядаўна зьявіўся адмысловы курс, які цяпер абавязкова вывучаецца ва ўсіх школах і ВНУ.

Вайна, барацьба — гэта стыхія сёньняшняга беларускага рэжыму. Гэта тыя мэтафары, якія па-свойму дакладна выяўляюць стаўленьне гэтага рэжыму да навакольнай рэчаіснасьці. Ён вымушаны выжываць, ведучы шырокамаштабную вайну на некалькі франтоў: з Усходам і Захадам, на палітычным і культурным полі, за межамі і ўнутры краіны. Патас барацьбы, вайны становіцца важным момантам сучаснай беларускай афіцыйнай прапаганды. І гэта вельмі сымбалічна.

Другі бок праблемы. Гераізацыя Аўганскай вайны, шуміха вакол гэтай праблемы дазваляе добра жыць шматлікім лабісцкім групам уплыву, якія складаюцца з былых удзельнікаў вайны ў Аўганістане. Гэтыя людзі ёсьць паўсюль: у вялікім і сярэднім бізнэсе, у адміністрацыі прэзыдэнта, на тэлевізіі. Дзякуючы падобным прапагандысцкім кампаніям ім удаецца трымацца на плыву і зарабляць ня толькі палітычныя ачкі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, агульная тэндэнцыя апраўданьня і гераізацыі савецкай гісторыі закранула і Аўганскую вайну. Але спэцыфіка гэтай вайны адбіваецца на тым, што цяжка атрымаць станоўчы палітычны плён нават з гледзішча так званай “дзяржаўнай ідэалёгіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG