Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст выклікае на размову кіраўнікоў апазыцыйных партыяў post factum


Валер Каліноўскі, Менск Учора і сёньня большасьць кіраўнікоў апазыцыйных патыяў: БНФ, АГП, ПКБ,– атрымалі папярэджаньні Мінюста за невыкананьне загада па вывядзеньні юрыдычных адрасоў партыйных арганізацыяў з жылога сэктару. Толькі пасьля гэтага партыйныя лідэры былі запрошаныя на гутарку ў Мінюст для абмеркаваньня канфліктнай сытуацыі.

Выкарыстаньне партыйнымі структурамі юрыдычных адрасоў у шматкватэрных жылых дамах паводле Мінюста зьяўляецца парушэньнем прынцыпу законнасьці дзейнасьці партыяў.

Яшчэ ў мінулым кастрычніку Міністэрства юстыцыі запатрабавала перавесьці ўсе структуры партыяў у нежылы фонд. Аднак большасьць партыйных суполак выканаць гэтыя патрабаваньні ня здолелі. Як лічыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка, гэтае патрабаваньне выканаць немагчыма ў прынцыпе, бо ў офісных будынках наймаць штаб-кватэру занадта дорага, а на перанос сядзібаў суполак у асобныя дамы не даюць адпаведнага дазволу санстанцыі, пажарнікі, мясцовыя ўлады.

(Вячорка: ) “Не даюць яны гэтага дазволу безматыўна. З чаго я раблю выснову, што ўсе яны маюць адназначнае палітычнае распараджэньне, палітычны загад. Хачу сказаць, што мы не баімся далейшага разьвіцьця падзеяў, і што сваімі рукамі ня будзем зьнішчаць свае арганізацыі”.

Кіраўнікі усіх апазыцыйных партыяў яшчэ ў студзені зьвярнуліся да міністра юстыцыі з прапановай аб сустрэчы і абмеркаваньні канфліктнай сытуацыі. Згода на размову прыйшла толькі сёньня, пасьля таго Мінюст ужо вынес усім папярэджаньні. На думку Вінцука Вячоркі, міністэрства хоча весьці размову з прадстаўнікамі партыяў толькі з пазыцыі сілы.

Сустрэча ў Мінюсьце прызначаная на 22 лютага. Як зазначыў намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер, апазыцыйныя партыі будуць каардынаваць сваю рэакцыю на пагрозу іхным аргструктурам, якая зыходзіць ад дзеяньняў Мінюста.

Міністэрства юстыцыі патрабуе ад партыяў у месячны тэрмін правесьці перарэгістрацыю сваіх структураў, якія разьмешчаныя ў жылым фондзе, або ліквідаваць іх. У адваротным выпадку Мінюст выказаў пагрозу “прыняць меры ў адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам”, што партыі зразумелі як пагрозу іх ліквідацыі.
XS
SM
MD
LG