Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пагражае Беларусі закрыцьцём цукровага рынку


Альгерд Невяроўскі, Менск Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксей Гардзееў пагражае афіцыйнаму Менску закрыць рынак цукру, калі Беларусь ня спыніць экспарт сваёй прадукцыі, вырабленай з цукру-сырцу, атрыманага з трэціх краінаў. Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных назваў гэтую заяву парушэньнем прынцыпаў зоны вольнага гандлю. Расейскі міністар абураны некарэктнай заявай прадстаўніка афіцыйнага Менску. Незалежныя беларускія эканамісты лічаць, што беларускія ўлады сапраўды патуралі ўвозу ў Расею кантрабанднага цукру.

Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксей Гардзееў заявіў у Маскве журналістам, што не выключае закрыцьця для Беларусі расейскага цукровага рынку, калі адтуль ня спыняцца нелегальныя пастаўкі гэтага тавару. На думку расейскага міністра, гэткія пастаўкі так званага “шэрага” імпарту ўчыняюць істотныя страты расейскім вытворцам цукру й цукровых буракоў.

Летась беларускія ўлады прынялі расейскія ўмовы ўвозу Расею цукру і атрымалі адпаведныя квоты. Паводле гэтай дамовы, беларусы мелі права на ўвоз у Расею цукру вырабленага з уласнай сыравіны. А, напрыклад, танны цукар, выраблены з кубінскага трысьнягу, расейцы лічаць таварам не беларускім, і таму – кантрабандным.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных назваў заяву Аляксея Гардзеева парушэньнем прынцыпаў зоны свабоднага гандлю. Беларускі чыноўнік лічыць, што заява расейскага міністра адлюстроўвае пазыцыю асобных расейскіх таваравытворцаў, якія за кошт танных энэрганосьбітаў здольныя пастаўляць у Беларусь танны цукар. Вось у чым бачыць Андрэй Савіных вырашэньне цукровай праблемы:

(Савіных: ) “Толькі шляхам перамоваў. Мы будзем прапаноўваць меры накіраваныя на фармаваньне адзінага рынку цукру ў рамках саюзнай дзяржавы”.

Ня выключана, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца 18-19 лютага ў Маскве, падчас паседжаньня сталага камітэту саюзнай дзяржавы.

Міністар сельскай гаспадаркі Расеі даволі рэзка адрэагаваў на словы прэсавага сакратара беларускага МЗС. Як паведамляе агенцтва “Інтэрфакс”, Аляксей Гардзееў заявіў, што яго зьдзівіў ня толькі тон заявы спадара Савіных, але й то, якое “некарэктнае, непрафэсійнае адценьне дадзенае абмеркаваньню важнай праблемы ўзаемнага гандлю паміж Расеяй і Беларусьсю”.

Міністар сказаў, што гаворачы аб абмежаваньні паставак цукру ён меў на ўвазе нядобрасумленных бізнэсоўцаў, якія выкарыстоўваюць “шэрыя” схемы для пастаўкі цукру зь Беларусі ў Расею, што можа зашкодзіць стварэньню адзінай эканамічнай прасторы.

Акрамя інфармацыі што да цукру ў расейскага міністра нібыта ёсьць дадзеныя пра факты незаконных паставак зь Беларусі мясных прадуктаў.

Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што расейцы ня пойдуць у гэтай справе на саступкі беларусам:

(Злотнікаў: ) “Яны самі вырабляюць значна больш, чым могуць прадаць у Расеі. Таму ім такія канкурэнты, якія яшчэ не зусім сумленна канкуруюць не патрэбныя”.

Як паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на расейскае статыстычнае ведамства, зь Беларусі ў Расею летась было завезены 423 тысячы тоны цукру, прычым доля кантрабанды складала дзясяткі тысяч тон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG