Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская “Пора” абяцае дапамагчы Беларусі


Юры Сьвірко, Кіеў Старшыня рады Ўсеўкраінскае грамадзкае арганізацыі “Пора” Андрэй Юсаў у інтэрвію Беларускай Свабодзе заявіў, што ягоная арганізацыя будзе дапамагаць зрынуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Андрэй Юсаў, які займаецца цяпер афіцыйнай рэгістрацыяй “Поры” у Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны, заявіў, што пасьля “памаранчавай рэвалюцыі” ў Кіеве гэтая арганізацыя не зьбіраецца забыцца пра суседнюю Беларусь.

(Юсаў: ) “Безумоўна, мы б хацелі падзяліцца досьведам. У прынцыпе, мы й зараз спрабуем гэта рабіць. Пэрыядычна ва Ўкраіну – у Кіеў ці іншыя гарады – прыяжджаюць актывісты розных беларускіх арганізацыяў. Найбольш актыўны ўдзел у гэтым бярэ Малады фронт, зь якім мы кантактуем і дзелімся досьведам. “Пора” заяўляла пра арганізацыю Міжнароднага цэнтру для краін зь пераходнымі дэмакратыямі. Безумоўна, найбольш пільная ўвага будзе нададзеная Беларусі ў гэтым пытаньні.

Падчас “памаранчавай рэвалюцыі” й дзейнасьці кампаніі “Пора” ў справе абароны прэзыдэнцкіх выбараў беларускія актывісты розных грамадзкіх арганізацыяў і палітычных структураў бралі вельмі актыўны ўдзел ва Ўкраіне. Безумоўна, мы ня можам такія рэчы забывацца й будзем рабіць усё мажлівае, каб і ў Беларусі зьмяніць сытуацыю да лепшага”.

Я папрасіў лідэра арганізацыі “Пора” ўдакладніць, што яны плянуюць рабіць у беларускім пытаньні сёлета.

(Юсаў: ) “Найбліжэйшым часам плянуецца сэрыя двухбаковых сэмінараў, дзе будзе абмен досьведам, дыскусіі, пытаньні-адказы, нейкі абмен тэхнічнымі й тэхналягічнымі момантамі”.

Паводле Андрэя Юсава, гэтыя сэмінары адбудуцца на тэрыторыі Ўкраіны і ня толькі, але ён ня хоча раскрываць канкрэтныя пляны. На маё пытаньне, ці не пабойваецца ён, што афіцыйны Менск будзе абвінавачваць “Пору” ды ўвогуле Ўкраіну ў экспарце “памаранчавай рэвалюцыі” ці ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі, спадар Юсаў адказаў гэтак:

(Юсаў: ) “Я думаю, што маральнага права цяперашняя беларуская ўлада ня мае абвінавачваць нікога ні ў чым. Гэта адназначная пазыцыя, і пазыцыя эўрапейскай супольнасьці, міжнароднай супольнасьці”.
XS
SM
MD
LG