Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што значыць гандляваць зброяй па-беларуску?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У беларускім вайсковым судзе хутка пачнецца працэс над былым генэральным дырэктарам дзяржаўнай фірмы “Белзьнешпрамсэрвіс” Аляксандрам Андронам. Вядома, што гэтая фірма – асноўны дзяржаўны гандляр зброяй. А наколькі глыбока пранікла карупцыя ў такую звышсакрэтную галіну, як гандаль зброяй?

Гэтую справу, пра якую паведаміла сёньня “Народная воля”, беларускія журналісты ужо назвалі сэнсацыйнай. Кіраўнік “Белзьнешпрамсэрвісу” цягам трох гадоў нібыта краў грошы з кантрактаў на продаж зброі.

Мэханізм крадзяжу быў нескладаны і нагадваў падобныя апэрацыі ў звычайнай камэрцыі: тавар прадаваўся даражэй, чым пазначана ў дакумэнтах, і розьніца клалася ў кішэню. Паводле сьледзтва, Аляксандр Андрон скраў гэткім чынам 370 тысяч даляраў.

Таксама спадар Андрон падазраецца ў парушэньні тайны перамоваў – нібыта падслухоўваў афіцыйныя перамовы з іранскай дэлегацыяй. Дарэчы, апошняе абвінавачваньне былы гендырэктар прызнае, а вось што краў грошы, адмаўляецца.

Але ёсьць яшчэ некаторыя ня менш цікавыя акалічнасьці гэтай справы. Прыкладам, Андрона арыштавалі яшчэ ў кастрычніку 2003 году, сьледзтва вяла пракуратура Беларусі, але пра гэта адтуль не прагучала ані слова. Сьледчы ў асабліва важных справах Андрэй Яршоў, які вёў справу, і цяпер адмаўляецца кантактаваць з журналістамі. Яшчэ адна цікавая акалічнасьць – адзін з саўдзельнікаў Аляксандра Андрона грамадзянін Расеі Юры Закурдаеў ужо асуджаны. Такім чынам, фактычна вызначаны вынік судовага працэсу і над былым кіраўніком “Белзьнешпрамсэрвісу” Андронам.

Нагадаем, беларускія гандляры зброяй і раней траплялі ў скандалы. Але канчаліся яны па-рознаму. У сярэдзіне 1990-х гадоў ў Пэру былі прададзеныя некалькіх самалётаў, якія аказаліся неўкамплектаванымі. Але невядома, каб нехта быў пакараны за страты, якія панесла Беларусь у выніку той зьдзелкі. Паводле папярэдніх зьвестак з вайсковага суду, працэс над Аляксандрам Андронам хутчэй за ўсё будзе закрытым.
XS
SM
MD
LG