Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол наведаў Віцебшчыну [фотарэпартаж]


Браніслава Станкевіч, Віцебск Ён узяў удзел у адкрыцьці амэрыканскага кутка ў Віцебскай гарадзкой бібліятэцы ангельскамоўнай літаратуры, а таксама наведаў Воршу, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі ўладаў і недзяржаўнага сэктару.

З нагоды адкрыцьця ў Віцебску чарговага амэрыканскага кутка, якіх па ўсёй Беларусі ўжо восем, амбасадар ЗША Джордж Крол перадаў бібліятэцы ангельскамоўнай літаратуры шмат падарункаў — больш як на 23 тысячы даляраў. Гэта кніжкі, оргтэхніка, відэакасэты, кампакт- і відэадыскі. Выступаючы перад чытачамі бібліятэкі, журналістамі ды іншымі гасьцямі, Джордж Крол сказаў:

(Крол: ) “Гэта вялікі гонар для мяне сёньня, і я вельмі задаволены тым, што атрымаў магчымасьць наведаць Віцебск, каб адкрыць амэрыканскі куток тут у гарадзкой бібліятэцы замежнай літаратуры. Я спадзяюся, што амэрыканскія куткі зробяць Амэрыку больш блізкай і зразумелай беларусам, дапамогуць нашым народам аб’яднаць свой гістарычны і культурны досьвед і наладзіць плённае супрацоўніцтва ў будучыні”.

Улады Віцебску дэлегавалі вітаць амбасадара ЗША загадчыка ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Алега Абросімава, які падзякаваў амбасадзе і амэрыканскаму народу за матэрыяльна-тэхнічную падтрымку.

У часе свайго візыту на Віцебшчыну амбасадар ЗША сустрэўся таксама з прадстаўнікамі гарадзкой адміністрацыі Воршы і актывістамі недзяржаўных арганізацыяў. Асабліва Джорджа Крола ўразіў візыт у аршанскі музэй Уладзімера Караткевіча.

(Крол: ) “Гэта цудоўна, гэта цудоўна! Гэта ўнікальны гістарычны будынак. А сам Уладзімер Караткевіч, як пісьменьнік і як чалавек, і ўсе ягоныя творы — гэта падарунак усяму сьвету!”

Згадаўшы пра багатыя культурныя традыцыі Віцебшчыны ў галінах кнігадрукаваньня ды мастацтва, напрыканцы свайго візыту амбасадар ЗША зазначыў, што няблага было б і ў Амэрыцы ствараць адмысловыя беларускія куткі дзеля разьвіцьця ўзаемаразуменьня між двума народамі ды краінамі.

Ambassador George Krol, Vitebsk, BelarusAmbassador George Krol, Vitebsk, Belarus
XS
SM
MD
LG