Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Шойбле: “Украіна, Беларусь і Малдова — часткі агульнай эўрапейскай спадчыны”


Алена Струвэ, Менск Нямецкая “Frankfurter Allgemeine” зьмясьціла артыкул Вольфганг Шойбле, дэпутата Бундэстагу, прысьвечаны праблемам Эўразьвязу. Доктар Шойбле заклікаў прыняць ў Эўразьвяз Украіну, а таксама закрануў сувязі Эўрапейскага Зьвязу зь Беларусьсю.

Вольфганг Шойбле зьяўляецца намесьнікам старшыні Фракцыі ХДС/ХСС і эскпэртам у пытаньнях міжнароднай палітыкі. У сваім артыкуле ў найбуйнейшай нямецкай газэце ён заявіў, што і эўрапейцы, і Расея мусяць тэрмінова зразумець, што такія краіны як Украіна, Беларусь, Малдова ня ёсьць полем для новага суперніцтва і напружанасьці. Гэта краіны, у чыім пасьлядоўным дэмакратычным і прававым разьвіцьці зацікаўленыя і Брусэль, і Масква.

Паводле Шойбле, і Ўкраіна, і Беларусь, і Малдова ёсьць часткай агульнай эўрапейскай спадчыны, а таму Эўрапейскі Зьвяз мусіць у дачыненьні да іх прадэманстраваць сваю прынцыповую пазыцыю. Доктар Вольфганг Шойбле папярэдзіў Эўразьвяз пра небясьпеку, якая можа напаткаць аб’яднаную Эўропу, калі ня будзе агульнай канцэпцыі палітычнага разьвіцьця.

“Пакуль эўрапейскія межы выглядаюць няпэўнымі, дзейнасьць эўрапейскіх інстытутаў нягнуткай, палітыка ў дачыненьні да новых суседзяў і ЗША канчаткова нявыпрацаванай, — лічыць нямецкі хрысьціянскі дэмакрат. — Калі Эўропа хоча сур’ёзна ўспрымацца грамадзянамі і партнэрамі, яна мусіць надалей разьвівацца ў якасьці палітычнага зьвязу”.

Камэнтуючы скандал вакол візавых афэраў у нямецкіх кансулятах ва Ўкраіне, Беларусі, Малдове ды іншых краінах, спадар Шойбле заявіў, што падобная практыка адчыніла дзьверы для міжнароднай арганізаванай злачыннасьці і нашкодзіла іміджу Нямеччыны ў вачах яе партнэраў.
XS
SM
MD
LG