Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась у беларускім войску загінулі 27 вайскоўцаў, у тым ліку з-за “дзедаўшчыны”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сярод прычынаў гэтых няшчасных выпадкаў недысцыплінаванасьць, нестатутныя адносіны. Міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў ня лічыць патрэбным вярнуць грамадзкі кантроль над войскам.

Міністар абароны Леанід Мальцаў паведаміў, што летась загінула 27 беларускіх салдат і афіцэраў. Ён таксама прызнаў, што камандаваньню не ўдалося пазбавіцца ад нестатутных адносінаў у войску.

Паводле міністра абароны, летась было зафіксавана 72 такія выпадкі, усе яны расьсьледаваныя — і вінаватыя пакараныя, у тым ліку праз суд. Тое, што выпадкаў “дзедаўшчыны” ў войску ня стала меней, Леанід Мальцаў патлумачыў новым падыходам да прафіляктыкі такіх парушэньняў. Цяпер на ўлік ставіцца і правяраецца любая скарга вайскоўца на нестатутныя адносіны, а раней рэагавалі толькі на “гучныя выпадкі”. Міністар абароны Леанід Мальцаў лічыць, што нейкі адмысловы грамадзкі кантроль войску не патрэбны.

(Мальцаў: ) “Пачнём з таго, што галоўнакамандуючым зьяўляецца прэзыдэнт, якога абірае ўвесь народ. Другое, усе законы, па якіх жыве войска, прымае парлямэнт. А што да розных грамадзкіх камісіяў, якія некаторыя прапануюць стварыць, то назавіце мне, дзе такія камісіі вырашалі праблемы?”

Ад часу вываду савецкіх войскаў з Аўганістану ў 1989 годзе беларускія салдаты ня ўдзельнічаюць у ваенных дзеяньнях. Між тым, паводле афіцыйных зьвестак за гэтыя 16 гадоў у Беларусі загінула каля тысячы вайскоўцаў. Немалую частку ў гэтай сумнай статыстыцы складаюць тыя, хто загінуў з прычыны дрэннай дысцыпліны, злачыннасьці і нестатутных адносінаў. Дапамагчы вырашыць гэтыя праблемы мог бы грамадзкі кантроль, лічаць праваабаронцы, але кіраўніцтва краіны іх меркаваньня не падзяляе. Былая дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова згадвае:

(Гразнова: ) “У перабудовачныя гады, калі беларуская ўлада была даволі дэмакратычнай, мы, жанчыны з розных арганізацыяў, сустракаліся з кіраўніцтвам беларускага войска. Прычым ня проста сустракаліся і атрымлівалі ад іх адказы на пытаньні, але і самі езьдзілі з інспэкцыямі ў розныя падразьдзяленьні. Гэта вельмі моцна дзейнічала на нашых военачальнікаў. Цяпер такога няма. Трэба зноў увесьці такія нагляды маці, сваякоў за ўмовамі ў войску. Бо калі нашыя сыны ідуць служыць, часта ў іх пануе страх, бо невядома, што насамрэч яны там сустрэнуць”.
XS
SM
MD
LG