Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Якія тэлеканалы падабаюцца магілёўцам?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Якім тэлевізійным каналам аддаюць перавагу беларусы? Перадачы якіх каналаў — беларускіх альбо замежных — больш падабаюцца і больш глядзяць? З гэтымі пытаньнямі наша карэспандэнтка зьвярнулася да жыхароў Магілёва.

(Спадар: ) “У мяне кабэльнае тэлебачаньне. Выбар у мяне вялікі, падабаецца глядзець “Euronews”. Там інфармацыя заўсёды сьвежая і без усялякіх палітычных акцэнтаў”.

(Спадар: ) “Тут беларускія паглядзіш — на адным канале і на іншым будзе адно і тое ж: навіны, усё гэта паўтараецца. Пакуль усё ж такі на расесйкае больш пераключаесься”.

(Спадар: ) “Калі ўзяць фільмы, мяне больш задавальняюць беларускія каналы, таму што там больш нашых фільмаў, а ў расейскіх мне больш падабаюцца навіны, у параўнаньні зь беларускімі навінамі”.

(Спадарыня: ) “Я па “талерцы” гляджу расейкія ў асноўным і ўкраінскія каналы. Надта шмат беларусы выразаюць з таго, што паказваюць па ОРТ, да нас гэта не даходзіць”.

(Спадар: ) “Мне больш за ўсё падабаецца НТВ — мне падаецца, там распавядаюць пра тыя навіны, якія адбываюцца. Жыцьцё там больш рэальнае. А на БТ нейкае прыдуманае і намаляванае”.

(Спадарыня: ) “Ніколі не гляджу НТВ, проста там шмат пашляціны. Гляджу БТ, мне вельмі падабаецца, таму што там разнабаковыя перадачы”.

(Спадар: ) “БТ — вельмі цяжкі канал, яго практычна глядзець немагчыма. Таму што ў асноўным аналітычныя праграмы, скіраваныя на тое, што мы такія добрыя, а ўсе астатнія дрэнныя. Проста надакучыла гэта слухаць”.

(Юнак: ) “Мне ўвогуле тэлевізар не падабаецца, мне больш падабаецца глядзець спорт. Таму ў асноўным спорт на “Расеі”.

(Дзяўчына: ) “Напрыклад, Муз-ТВ цікавы вельмі канал, таму што кліпы і музыка”.

(Спадарыня: ) “ОНТ і НТВ люблю. На НТВ навіны больш рэальныя, напэўна, а ОНТ… Часам трэба параўноўваць, хто што гаворыць — Расея, Беларусь. Проста цікава, што пра нас мяркуюць збоку, як яно на самай справе, і што нашы прапануюць”.

(Спадар: ) “Я гляджу ў асноўным расейскія, больш аб’ектыўную інфармацыю яны даюць. Беларускія паўтараюцца вельмі часта, я ня бачу сэнсу, але дублююць адно аднога, таму нецікава. Я лічу, што расейскія — больш аб’ектыўныя каналы”.
XS
SM
MD
LG