Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фракцыя СДП нямецкага парлямэнту выступае ў падтрымку Чарнобыльскіх дзяцей


Алесь Дашчынскі, Менск Фракцыя Свабоднай дэмакратычнай партыі (СДП) у нямецкім Бундэстагу запатрабавала свабоды выезду беларускіх “дзяцей Чарнобылю” на аздараўленьне за мяжу. Праект такой заявы неўзабаве будзе ўнесены на разгляд нямецкага парлямэнту.

Дэпутаты фракцыі СДП нагадваюць пра заяву кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 17 лістапада, у якой ён запатрабаваў абмежаваць выезд дзяцей за мяжу на аздараўленьне. Аднак, як цьвердзяць нямецкія дэпутаты, заяўленыя Лукашэнкам абмежаваньні выезду дзяцей супярэчаць дамове паміж урадамі Беларусі і Нямеччыны ад 3 сакавіка 1994 году, у якой бакі абавязаліся супрацоўнічаць у справе зьмякчэньня наступстваў катастрофы і пры гэтым садзейнічаць аздараўленьню дзяцей у Нямеччыне. Гаворыць прадстаўніца фракцыі СДП Гудрун Коп:

(Коп: ) “Мы хочам зноў спаслацца на гэтую дамову. Мы спадзяёмся, што магчымасьць для выезду дзяцей на аздараўленьне застанецца такой жа, як і раней — і ня толькі ў 2005 годзе. Каб кожны год не было страху за тое, ці адбудуцца наагул чарговыя паездкі на аздараўленьне. Трэба, каб гэтыя паездкі былі магчымыя ў будучым”.

Фракцыя СДП патрабуе, каб беларускае кіраўніцтва зрабіла ўсё магчымае дзеля працягу паездак дзяцей у ранейшым аб’ёме і без абмежаваньняў. Пры гэтым беларускія ўлады не павінны ствараць перашкодаў у гэтай дзейнасьці для беларускіх недзяржаўных арганізацыяў. Нямецкія дэпутаты падкрэсьліваюць, што паездкі дзяцей зьяўляюцца пераканаўчым элемэнтам узаемаразуменьня паміж народамі Беларусі і Нямеччыны і мэтай гэтых паездак зьяўляецца ўмацаваньне здароўя “дзяцей Чарнобылю”. Беларусь у рамках гуманітарнай дапамогі атрымлівае грошы і мэдычнае абсталяваньне, якое спрыяе паляпшэньню сытуацыі са здароўем дзяцей, але разам з тым немагчыма стварыць ніякай замены спэцыфічнай вартасьці аздараўленьня за мяжой.

Дэпутаты заяўляюць, што любое абмежаваньне выезду дзяцей на аздараўленьне будзе ўспрымацца як адпаведнае парушэньне дамовы ад 1994 году. У гэтай сувязі фэдэральны ўрад павінен пакінуць за сабой права вызначыць, якія пункты гэтай дамовы, ён са свайго боку больш ня будзе выконваць.

Як паведамілі ў фракцыі СДП, з усіх фракцыяў Бундэстагу ўжо ёсьць сыгналы аб тым, што гэтая заява будзе падтрыманая. Але ўнясуць яе на разгляд парлямэнту, як толькі скончыцца разгляд скандальнай справы з выдачай нямецкіх візаў. Дэпутаты ня хочуць, каб гэтыя дзьве тэмы паўсталі адначасова ў часе дэбатаў. Дэпутатка Гудрун Коп мяркуе, што канцлер Герхард Шрэдэр павінен выкарыстаць свае сяброўскія сувязі з расейскім прэзыдэнтам Пуціным дзеля таго, каб паўплываць на Лукашэнку.

(Коп: ) “Я сама прымала дзяцей зь Беларусі ў сваёй сям’і, я шмат гадоў ведаю чарнобыльскія арганізацыі. Я спадзяюся, што ўвесь нямецкі парлямэнт падтрымае нашую заяву, і гэта будзе наша агульная важная ініцыятыва”.
XS
SM
MD
LG