Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мэдалёвага заданьня” алімпійцам Беларусі пакуль ня вызначылі


Уладзімер Глод, Менск 17 лютага ў Менску прайшло паседжаньне выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. На ім спартоўцам краіны, якія будуць удзельнічаць у зімовай Алімпіядзе 2006 году, што пройдзе ў італьянскім Турыне, зьбіраліся зацьвердзіць плян па мэдалях. Аднак гэта не адбылося. Чаму так здарылася?

Сёньняшняе паседжаньне праходзіла без ўдзелу прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандра Лукашэнкі. Ды і агульны настрой быў не найлепшы — спартовае чынавенства яшчэ знаходзіцца пад уплывам драматычнай і крыўднай паразы хакеістаў ад латыскай зборнай.

Правал хакеістаў азначае, што ў самым лепшым выпадку Беларусь будзе прадстаўлена на Алімпіядзе толькі ў сямі відах спорту зь пятнаццаці. Дый цікавасьць да стартаў у Турыне цяпер будзе значна меншай. Прэсавы сакратар НАК Пётар Рабухін паведаміў, што мэдалёвае заданьне алімпійцам сёньня не разглядалася.

(Рабухін: ) “На парадку дня дадзенае пытаньне не разглядалася. Чаму?.. Таму што на парадку дня іншыя пытаньні стаялі...”

Вялікі заўзятар спорту намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Павал Знавец лічыць, што да гэтай тэмы рана ці позна Нацыянальны алімпійскі камітэт вернецца:

(Знавец: ) “Усе рашэньні пры такой сыстэме ўлады, як у нас, залежаць ад аднаго чалавека. Калі чалавек не ў настроі, тым больш, што беларуская зборная ў хакеі (а наш галоўны хакеіст — вялікі заўзятар гэтага віду спорту) не патрапіла на Алімпіяду, і таму ёсьць расчараваньне, ёсьць нейкая дэпрэсія. Другі фактар — гэта, мусіць, асэнсаваньне таго, што ня ўсё могуць выканаць спартоўцы, нават калі заданьні ім спускаюцца зьверху. Гэта нават псыхалягічна ўплывае і цісьне, калі вялікая адказнасьць на табе ляжыць ды яшчэ ціск з самага верху, то нават, калі ён і здольны заваяваць мэдаль, дык ён яго ня возьме. Але я не выключаю, што бліжэй да Алімпіяды, калі ў некаторых нашых спартоўцаў зьявяцца нейкія шанцы, то нейкая лічба можа быць даведзеная — два-тры мэдалі, ня болей”.

Спартовы журналіст Руслан Бацянкоў таксама ўпэўнены, што заданьне па мэдалях алімпійцы Беларусі абавязкова атрымаюць:

(Бацянкоў: ) “На мой погляд, гэтае заданьне ня дадзенае і таму, што пакуль дакладна не вядомы пэрспэктывы ў кваліфікацыі. Яшчэ шмат якія спаборніцтвы не адбыліся — і колькі алімпійскіх ліцэнзіяў мы атрымаем, пакуль невядома, у прыватнасьці біятляністы, лыжнікі. Але тое, што такі плян будзе, у мяне асабіста ніякага сумневу няма”.
XS
SM
MD
LG