Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая прэса пра Беларусь: “Там, дзе не растуць апэльсіны”


Алена Струвэ, Менск “Там, дзе не растуць апэльсіны”. Так піша пра Беларусь нямецкая “Tagesspiegel”. Аглядальнікі не выключаюць, што гэтую краіну ў выніку самых розных прычынаў можа і абмінуць хваля рэвалюцыйных пераўтварэньняў.

“Украіна як прыклад? Ва ўсялякім разе, не для Беларусі. Такі хаос, як ва Ўкраіне, нам не патрэбны”, — прыводзіць журналіст нямецкага выданьня “Tagesspiegel” словы супрацоўніка берасьцейскай чыгункі.

Верагоднасьць рэвалюцыі — як апэльсінавай, так і бананавай — цалкам выключае і беларускі кіраўнік Лукашэнка. Тым ня менш, прэзыдэнт занепакоены зьнешнім уплывам на Беларусь. Як піша выданьне, на захадзе краіны рэжым перакрыў у кабэльным вяшчаньні польскія праграмы. Ня выключана, што падобны лёс напаткае і некаторыя крытычна настроеныя расейскія каналы.

Як лічыць нямецкі аналітык Ганс Ульрых Бэргер, які піша для шэрагу нямецкіх выданьняў, тое, што апошнія рэвалюцыі ва Ўсходняй Эўропе ёсьць ня толькі вынікам нейкага азарэньня масаў, але і этапам разьвіцьця палітэхналёгіяў, прызнаюць сёньня і на Захадзе, і на Ўсходзе. Гэтыя тэхналёгіі спачатку былі апрабаваныя ў Сэрбіі, потым у Грузіі і ва Ўкраіне. Ці закране падобнае хваля Беларусь — пытаньне, якое Ганс Ульрых Бэргер называе далёка ня простым. Паводле аналітыка, прайграўшы на поўдні СНД, Расея захоча рэваншу на захадзе. Нягледзячы на маленькую газавую вайну, Менск і Масква апошнім часам больш наблізіліся адно да аднаго. Размова ў тым ліку ідзе і пра сумесныя пляны ў галіне супрацьпаветранай абароны, якія ахопліваюць і пэрыяд новых прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі.

Паводле Ганса Ульрыха Бэргера, тым часам пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Беларусі застаецца больш як неакрэсьленай. Аналітык скептычна ставіцца да гэтак званай агульнаэўрапейскай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі, якую на абмеркаваньне эўрапейскім палітыкам прадставіў нямецкі фонду Бэртэльсмана. Як вынікае з рэкамэндацыяў, выпрацаваных у часе нядаўняй сустрэчы ў Вільні, фундацыя заклікае Эўропу ўсяляк падтрымаць беларускую апазыцыю ў часе выбараў у 2006 годзе. Размова ідзе пра фінансавую, тэхнічную падтрымку, так і дапамогу ў галіне паліттэхналёгіяў, выпрацоўкі пасьлявыбарчай канцэпцыі.

Як рэзюмуе нямецкі аналітык Ганс Ульрых Бэргер, галоўнае, чаго трэба пажадаць беларускаму насельніцтву, каб выбары 2006 году ўвогуле адбыліся. Ня выключана, што цар Лукашэнка, які сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу, і да якога па-ранейшаму мае давер немалая колькасьць беларусаў, увогуле адменіць выбары ў зьвязку зь небясьпекай міжнароднага ўмяшальніцтва.
XS
SM
MD
LG